Читать «Беларусы, вас чакае Зямля (Гараватка - 3) (на белорусском языке)» онлайн - страница 112

К Акула

Праўда, крыху зьдзiвiла яе стрыманасьць, нейкая зьвязанасьць наведвальнiкаў. Суседзi-ж вымяркавалi, што недзе ў ваколiцы зьявiлiся польскiя банды. Дый цi яны адны ў лесе сядзелi? Працаваў-жа раней у гэтай самай сяржаньцiхi прыдзелены воласьцю савецкi палонны. Той, каб яго трасца, зiму адзiмаваўшы, адпасьвiўшы жывот, да нейкай бальшавiцкай банды ў лес павалачыўся. Ваўка, як кажуць, як нi кармi, усяроўна ў лес цягне.

Здарылася пасьля адыходу таго Ванькi ў лес нешта нязвычайнае. Нi раз i ня два, а ажно тры разы нехта ноччу раськiдаў у вёсцы бальшавiцкiя афiшкi. "Сьмерць фашыстам" сулiлi. Як на зло, якраз у наступны дзень тыя вайсковыя з Будслава ў Залатуху зьявiлiся дый распытвалi чыiх рук гэта работа. Вядома-ж, нiхто ў вёсцы такой брыдотай не займаўся. Сумлеву ня было. Хто гэта каго ў такой малой вёсцы ня ведаў? Як i ўсюды ў Беларусi, былi тут i свае пахатухi, якiя чамусьцi лiчылi абавязкам даведацца кажную макулiнку: што хто еў на харчаваньне, якi хлапец на якую дзеўку зiрнуў, цi што гаварыў, чыя авечка зараньня акацiлася, хто й чаму яшчэ падаткаў не заплацiў. Шмат мякiны ператрасалася, каб адно зярнятка дзе якое знайсьцi.

Вiзыты чужынцаў выклiкалi трывогу й страх. Немцы зьбiралi на вулiцы ўсiх жыхароў, доўга трымалi пад зброяй, распытвалi пра афiшкi й бандытаў у лесе дый рабiлi розныя, здавалася зусiм недарэчныя, пагрозы. Асаблiва да моладзi прыставалi. Але што гэтым простым сялянам было да таго, што нейкiя мярзотнiкi ноччу афiшкi параськiдалi, цi тое, што збоку грымела пераладаваная ваеннымi цацамi чыгунка, або тое, што да сяржаньцiхi Юргялiхi людзi ў ваенных польскiх мундзiрах прыходзiлi? I думалася, што паколькi яны зусiм нявiнаватыя, дык у найгоршым выпадку прыедуць з Будслава раз цi другi вайсковыя, зьберуць iх, пачнуць распытваць, пагражаць. Ну не павесяць-жа!

Аднае ночы бальшавiцкiя бандыты забралi й пагналi ў лес двух дзяцюкоў. Калi адзiн зь iх уцёк дамоў, за пару ноч па яго прыйшлi. Змусiлi людзей выдаць яго сховiшча й пагналi назад у лес. Такiм чынам у ваколiцы ўстанавiлiся дзьве ўлады. А залатускiя не зьвязалi ўсiх гэных выпадкаў i фактаў на адну нiтку, не падсумавалi й не зрабiлi належных выснаваў. Вы ваюеце, дык ваюйце... Вам, вайсковым, вайной, а нам, сялянам, зямлёй займацца. Нас клiча поле й луг, i лес, i сад, i гарод.

I ў тую кароткую вясеньнюю ноч, зьняможаная працай, цiха адпачывала Залатуха. Супакой трывожыў адно рэдкi брэх сабак i тая-ж самая чыгунка. Скрыпучы канцэрт пеўняў пад ранiцу будзiў старэйшых. Пазяхалi, дый задаволеныя, што яшчэ ўставаць ня трэба, засыналi. I ўжо калi на ўсходзе зазьзялi зарнiцы, усхадзiлiся канцэртам у кустах салаўi. Цёхкалi, тахкалi, высьвiстывалi, ёхкалi, ахкалi ды быццам на цымбалах трымкалi. А з сонцам вiтала новы дзень Залатуха.