Читать «Беларусы, вас чакае Зямля (Гараватка - 3) (на белорусском языке)» онлайн - страница 102

К Акула

Iшоў час i цiшыню лясоў начамi пачалi трывожыць гукi матораў у небе. Зь "вялiкае зямлi" прывозiлi й ськiдалi апэргрупы спэцаў, iнструкцыi, зброю. У лясох пацясьнела ваўком, сарнам, ласём i зайцам. Банды арганiзавалiся й пачыналi выяўляць прэтэнсыi на ўладу, нападалi й нiшчылi мясцовую нiзавую беларускую адмiнiстрацыю, школы, зьдзеквалiся зь сялянаў, якiя супрацiўлялiся рабункам. I тады дайшла да Антося Дзеркача вестка пра Лявона Шпунта. Прынёс яе непаседлiвы Захарук. Кагадзе езьдзiў ён у Докшыцы, захапiўшы з сабой пару мяшкоў зярна на млын.

- Змалоў? - спытаў яго Антось, сустрэўшы на вулiцы.

- Ды дзе тамака... прывёз назад. Млын той для войска й нямчуры мелiць i фiгу ўлезiш. Трэба далей над жорнамi пацець. I я думаў, знаеш, Антось, трэба было-б нам да войта, каб як дзела з млынам папхнуць. Нiхай-бы яны, наша начальства значыць, зь iмi пагаварылi. Вайна вунь куды адсунулася, дык навошта-ж жорны круцiць? Падаткi ад нас бяруць, млыны забралi й сабе мелюць, дык чаму-ж нам ня могуць?

Гутарка адбылася на засьнежанай вулiцы сонечным днём. Бярозавым кiйком, па старой звычцы, Антось ёрзаў па выгладжанай палозьзем, зьзяючай сонцам, дарозе. Збоку ў сьнезе ляжала вялiкая галiна хвоi, згубленая некiм па дарозе зь лесу.

- Ды маглi-б, чэрцi, - адказаў Антось. Як правiла, трымаўся цяпер Антось з гэтым чалавекам асьцярожна, гаварыў у вабрэз, больш распытваў i слухаў. Часы няпэўныя. - Ну а што тамака ў Докшыцах чуваць?

- Эт, знаеш, калiсь гэта быў кiрмашны дзень, людзей, бывала, наедзiць поўна-паўнюсенька. Але нi цяпер. Сёй-той, па старой прывычцы, прыклыпаiць. От, знаеш, маю для цябе нешта цiкавае. Чуў, можа, дзе цяперака Лявон Шпунт?

Бярозавая палка спынiла пiсаць крывулi па спалазаваным сьнезе. Антось уважна зiрнуў Захаруку ў вочы.

- Лявон? А хто яго знаiць? Ты што чуў?

Захарук спачатку скруцiў папяросу, уважна абгледзiў яе з двух канцоў i паволi прыкурыў. На твары хiтрасьць. Зноў Антось надта добра той твар i гэту хiтрасьць i чакаў нечага важнага.

- Вiдзiў я з Тумiлавiчаў Янку Барабоську. Знаiш яго?

Блiжэйшыя вёскi, асаблiва iх моладзь, Антось ведаў нядрэнна. Далейшыя адлегласьцю Тумiлавiчы амаль ня ведаў.

- Ды не. Дзе тыя Тумiлавiчы! Нi знаю.

- Ну дык, гэтае самае, - зацягнуўся Захарук самасейкай, - дзядзьку гэтага я знаю вунь як даўно. А тут на Докшыцкiм рынку мы зь iм нос у нос стукнулiся. Значыцца, здароў, як жывеш, i разгаварылiся. А тады ён мне гэтак i кажыць: калi будзiш вiдзiць Антося Дзiркача, дык пiрадай яму прывет ад Лявона Шпунта й скажы, што лясьнiчоўка яму бокам вылiзiць. Так i скажы, кажыць мне гэтысамы Барабоська.

- Лясьнiчоўка бокам вылiзiць? - перапытаў Антось.

- Ага. Пiрадай, кажыць, Антосю Дзiркачу ад Лявона Шпунта й скажы, што лясьнiчоўка яму бокам вылiзiць. Што гэта значыць?

Антось маўчаў.