Читать «Беларуская палітычная сыстэма і прэзыдэнцкія выбары 2001 г.» онлайн - страница 3

Валер Булгакаў

РАЗЬВІЦЬЦЁ НАЦЫЯНАЛЬНА-ДЭМАКРАТЫЧНАГА РУХУ

Яшчэ да гарбачоўскай перабудовы, у 1980 годзе ў Беларусі стварылася «Беларуская сьпеўна-драматычная майстроўня», непалітычная арганізацыя, якая займалася адраджэньнем нацыянальнай мовы і культуры. У 1984 годзе, ужо напярэдадні перабудовы, сябры аб’яднаньня выступілі супраць разбурэньня помнікаў архітэктуры. На працягу 1985—1986 гадоў у абласных цэнтрах Беларусі ствараюцца клюбныя аб’яднаньні, чыя дзейнасьць была зьвязаная з адраджэньнем беларускай мовы і культуры, такія як «Талака», «Паходня», «Тутэйшыя». Адкрыты канфлікт нацыянальнай інтэлігенцыі з кіраўніцтвам Беларусі выклікаў ліст беларускіх пісьменьнікаў і навукоўцаў Міхаілу Гарбачову пра бядотны стан беларускай мовы. Распаўсюджвалася інфармацыя пра сапраўдныя маштабы Чарнобыльскай катастрофы, якую хавалі ад насельніцтва кіраўнікі рэспублікі. Аднак гэта яшчэ не было палітычным супрацьстаяньнем.

У сакавіку 1988 году ў Менску адбыўся мітынг у абарону архітэктурных помнікаў, што знаходзіліся пад пагрозай разбурэньня пры будаўніцтве другой лініі мэтрапалітэну. У адказ рэспубліканскае кіраўніцтва прыняло пастановы, якія абмяжоўвалі правядзеньні мітынгаў і маніфэстацый.

У часе правядзеньня ХІХ усесаюзнай партыйнай канфэрэнцыі менскі клюб «Талака» прыняў зварот з прапановай ліквідаваць лідэрства камуністычнай партыі, замацаванае савецкай канстытуцыяй. Але ўпершыню азначэньне беларускіх нацыянальных інтарэсаў як адрозных ад інтарэсаў СССР было зробленае Беларускім народным фронтам.

Разьвіцьцё нацыянальна-дэмакратычнага руху Беларусі другой паловы 1988 году было цесна павязанае з падзеямі ў Прыбалтыцы. У прыбалтыйскіх рэспубліках СССР ствараюцца Народныя Франты. 19 кастрычніка 1988 году на ўстаноўчай канфэрэнцыі таварыства «Мартыралёг Беларусі» быў створаны арганізацыйны камітэт Беларускага народнага фронту «Адраджэньне» (БНФ). У звароце аргкамітэту БНФ «Да грамадзянаў Беларусі» былі высунутыя заданьні станаўленьня беларускай нацыі на аснове дэмакратычных вартасьцяў і дасягненьня дзяржаўнасьці.

Пры канцы вясны — пачатку лета 1988 году нацыянальна-дэмакратычны рух актывізаваўся дзякуючы выкрыцьцю злачынстваў камуністычнага рэжыму. Пад Менскам, ува ўрочышчы Курапаты, былі знойдзеныя пахаваньні ахвяраў масавых расстрэлаў пэрыяду 30-х—40-х гадоў. 19 ліпеня ў Курапатах адбыўся шматтысячны мітынг, які паспрыяў шырокаму прызнаньню нацыянальна-дэмакратычнага руху.

30 кастрычніка 1988 году ў Менску было забароненае правядзеньне мітынгу-рэквіему «Дзяды», што стала падставай для фізычнай расправы з актывістамі БНФ.

Характэрна, што акурат у беларускай соцыякультурнай і палітычнай сытуацыі нацыянальныя рухі сталі праводзіць свае зьезды ў Летуве. З аднаго боку, гэта было абумоўлена рэжымам максымальнага неспрыяньня з боку беларускіх уладаў. Зь іншага боку, беларуская апазыцыя камуністычнаму рэжыму была менш радыкальная, першапачаткова стваралася як культурніцкі рух і толькі потым — як палітычны. Праявілася адсутнасьць сваёй уласнай дысыдэнцкай традыцыі, праваабарончага руху. Апрача таго, нацыянальна-дэмакратычныя аб’яднаньні Беларусі адпачатна дзейнічалі ў варунках значна меншай падтрымкі іхных ініцыятываў насельніцтвам і прыхільнымі функцыянэрамі ў параўнаньні з краінамі Прыбалтыкі.