Читать «Беларуская палітычная сыстэма і прэзыдэнцкія выбары 2001 г.» онлайн - страница 2

Валер Булгакаў

Нацыянальна-культурнае процістаяньне савецкаму рэжыму па лініі супраціўленьня савецкай русіфікацыі таксама было вельмі слабым.

Пачаткова разьвіцьцё працэсаў дэмакратызацыі ў Беларусі было стымуляванае перабудовай пад кіраўніцтвам Міхаіла Гарбачова. Дзеля таго, каб у Беларусі пачалося інтэнсіўнае фармаваньне нацыяналістычных і дэмакратычных рухаў, спатрэбілася спроба рэформаў сацыялістычнай сыстэмы зьверху, з Масквы. Дэмакратычныя рухі ў Беларусі разьвіваюцца ў другой палове 80-х у падтрымку перабудовы, якую праводзіла кампартыя. Ад пачатку нацыянальна-дэмакратычныя рухі фармуюцца як нацыянальна-культурныя і экалягічныя, як рэакцыя на Чарнобыльскую катастрофу. Гэта дазваляла зьмякчаць разыходжаньні з самой камуністычнай партыяй, вядучай і накіроўваючай паводле Канстытуцыі СССР.

Аднак, такія несанкцыянаваныя, самастойныя аб’яднаньні грамадзян выклікалі незадаволенасьць беларускага камуністычнага кіраўніцтва. Варункі іх дзейнасьці былі менш спрыяльныя, чым у суседніх прыбалтыйскіх дзяржавах, на Ўкраіне або ў Расіі. У значнай ступені гэта было зьвязана з спэцыфікай найвышэйшай беларускай эліты таго часу, якая на момант гарбачоўскіх рэформаў была практычна дээтнізаваная. Як адзначаюць Марк Нордбэрг і Тарас Кузё, нацыянальныя рухі пэрыяду перабудовы ў СССР абапіраліся на частку камуністаў, што падзялялі нацыянальныя ідэі. Аднак у Беларусі не было такога магутнага корпусу нацыянал-камуністаў. Пра працэсы, якія перашкодзілі ўзнаўленьню нацыяналістычных ідэяў у камуністычным кіраўніцтве БССР — крыху пазьней. Пакуль адзначым, што дэмакратычны рух у Беларусі, як і ў іншых рэспубліках СССР, разьвіваўся ў спалучэньні з нацыяналістычным. Аднак штуршок для ягонага разьвіцьця ў значнай ступені прыйшоў звонку.

Неабходнасьць стрымліваць рэпрэсіі ў барацьбе старой эліты з нацыянальна-дэмакратычным рухам была ў значнай меры абумоўлена падпарадкаваньнем камуністычнай эліты БССР маскоўскаму кіраўніцтву. Беларускае рэспубліканскае кіраўніцтва, якое сумяшчала высокія адміністрацыйныя пасады з пасадамі ў Камуністычнай партыі Беларусі, падпарадкоўвалася кіраўніцтву КПСС у Маскве. Расійскія эліты ў цэнтры савецкай імпэрыі, з аднаго боку, стымулявалі разьвіцьцё дэмакратычных працэсаў на пэрыфэрыі, зь іншага, займаючы больш высокі ўзровень у дзяржаўнай і палітычнай гіерархіі Савецкага Саюзу, зьвязвалі рукі рэспубліканскаму кіраўніцтву. Пры гэтым працэсы дэмакратызацыі, дэмантажу савецкай сыстэмы, ініцыяваныя за межамі Беларусі, у яе абкружэньні праходзілі больш інтэнсіўна, выступаючы магутным вонкавым чыньнікам ціску на намэнклятурна-камуністычную эліту Беларусі.