Читать «Бартэк пераможнік» онлайн - страница 29

Гэнрых Сенкевіч

— Du, polnisches Vich (Ты, польская жывёла) папрабуй толькі галасаваць на карысьць пана Яжынскага, папрабуй!

Афіцэры ў гэтую мінюту грозна насунулі бровы і адзін з іх сьледам за ляндратам паўтарыў: „папрабуй!" У пераможніка дух замёр. Пачуўшы, нарэшце, пажаданае: „ідзі вон!“, ён зрабіў паўзварот налева, і выйшаўшы на вуліцу, з палягчэньнем уздыхнуў. Яму было загадана галасаваць на карысьць Шульбэрга з Вялікае Кшывды. Над загадам Бартэк не задумваўся, бо думкі яго былі занятыя іншым. Ен цешыўся з волі, з насалодай пазіраў на загоны сьпеўшага збожжа і з насалодаю ўслухваўся ў шамаценьне каласоў. „Ах! добра цяпер на сьвеце—думаў змучаны жаўнер—вельмі добра. I да Пагнэмбіна ўжо недалёка".

X.

Выбары! выбары! Пані Яжынская цалком занята імі, ні аб чым іншым ня думае, не лятуціць і не гаворыць, як толькі аб выбарах.

— Вы — вялікі палітык, — кажа ёй сусед— шляхціц, цалуючы яе маленечкія ручкі, а вялікі палітык чырванее і з чароўнаю усьмешкаю адказвае:

— О, мы агітуем, наколькі магчыма!

— Ваш муж будзе паслом,—з няпэўнасьцяй заўважае шляхціц, а „вялікі палітык" адказвае:

— Я вельмі хацела-б гэтага, хаця тут справа йдзе ня толькі аб маім мужу,— пры гэтым вялікі палітык ізноў непалітычна чырванее, — але... але аб будных інтарэсах нашага народу.

— Вы — сапраўдны Бісмарк! далібог! — выгуквае шляхціц дый зноў цалуе маленечкія ручкі, а пасьля абое пачынаюць радзіцца датычна агітацыі.

Шляхціц бярэ на сябе Ніжнюю Кшывду і Мізэраў (Вялікая Кшывда страчана, таму што ёю ўладае нейкі Шульбэрг), а пані Яжынская замерваецца заняцца перш за ўсё Пагнэмбінам. Яна вельмі ірытуецца, але ўсё ж часу дарма не марнуе і штодня бывае ў вёсцы. Па дарозе туды пані

Яжынская кажа ўсім, якія працуюць, сялянам: „Памажы Божа“... пасьля заходзіць у хаты, адведвае хворых і памагае, дзе можа. Яна рабіла-б гэта і без палітыкі, бо ў яе добрае сэрца, але ў імя палітыкі тым болей. Чаго толькі яна не зрабіла-б у імя гэтае палітыкі?! Пані Яжынская не адважваецца толькі прызнацца мужу, што ёй страшэнна хочацца паехаць на сходку сялян, — яна навет злажыла адпаведную выпадку прамову. Што гэта за прамова! што гэта за прамова! Праўда, яна найхутчэй за ўсё, не адважылася-б яе сказаць, але каб сказала, дык... эфэкт быў-бы нязвычайны! А калі ў Пагнэмбін прыйшла вестка, што ўлады разагналі сходку, дык „вялікі палітык" са злосьці расплакаўся ў сваім пакоі, падраў насавую хустачку і цэлы дзень хадзіў з пачырванеўшымі ад сьлёз вачыма. Дарэмна муж прасіў яе і ўгавараваў ня прыймаць гэтага так блізка да сэрца і не паддавацца да гэткае ступені роспачы. У чародны дзень агітацыя ў Пагнэмбіне вялася з яшчэ большаю энэргіяй і гарачкаю. Пані Яжынская не адступае цяпер ні перад чым. За адзін дзень яна адведвае дваццаць хатаў і гэтак гучна лае немцаў, што муж павінен яе стрымліваць, хаця, праўду кажучы, няма ніякае небясьпекі. Сяляне прымаюць яе з радасьцю, цалуюць ёй рукі, прыветна усьмяхаюцца ёй, таму што яна гэткая прыгожая, мілая, так што куды ні зайдзе, у ўсіх ла душы робіцца сьвятлей. Па чарзе яна ўваходзіць і ў Бартэкаву хату. Лысы яе ня пушчае але Магда з гарачкі пушчае ў яго паленам.