Читать «Атамізацыя» онлайн - страница 9
Василий Семенович Гигевич
I увогуле, як думаецца мне, апошнім часам людзі шмат чаго ўведалі, — і правіламі, і законамі сябе аплялі, ганарлівымі сталі, — а між тым штосьці выветрылася з іхніх душ…
Ды не буду, не буду доўга разважаць пра ўсё гэта, невытлумачальнае, што на чалавецтва насоўвалася з усіх бакоў, пра ўсё гэта вам раскажуць палітыкі і філосафы разумныя, яны ж, палітыкі і філосафы, штодня выйсце падказваюць, калі па тэлевізары парады даюць, а я дадам толькі, што сярод некаторых вучоных выспела думка, што лятаючыя талеркі і зямныя катаклізмы маюць між сабою пэўную сувязь. Прыкладна ў гэты ж час вучоныя з СЭЦI — міжнародная арганізацыя, якая праз тэлескопы розны незямны розум увесь час шукае ў прасторах касмічных — зафіксавалі з дальняга космасу сігналы штучнага паходжання.
Спецыялісты тут жа заняліся расшыфроўкаю сігналаў. У сродкі масавай інфармацыі, як вы добра памятаеце, прасачылася паведамленне пра гэтыя загадкавыя сігналы, але, каб супакоіць людзей і не ствараць лішняга ажыятажу, тут жа была пушчана дэза — маўляў, ніякіх штучных сігналаў няма, памылачка выйшла, замест штучных сігналаў адкрылі чарговы пульсар…
Як ні мяркуй, але атрымлівалася, што чалавецтва стаяла на парозе прамых кантактаў з незямнымі цывілізацыямі.
Успомніліся міфы розных народаў, дзе гаварылася пра прышэсце і нашэсце з нябёсаў невядомых істот, успомніліся паданні пра калясніцы вогненныя, што ў небе тысячагоддзі таму лёталі і ад куль на зямлю вогненныя стрэлы ляцелі, малюнкі наскальныя і намаляваныя ў пячорах падземных успомніліся, на іх выразна бачыліся як істоты ў скафандрах, так і самі касмічныя ракеты, прарокі і прадказальнікі ўспомніліся — і Настрадамус, і балгарская бабка Ванга. Ды і тыя ж тэксты біблейскія зусім па-іншаму пачалі чытацца, зусім іншы сэнс у іх пачаў адкрывацца.
Першымі за тэму незямных кантактаў ухапіліся кінарэжысёры — людзі баявыя і хваткія, якія заўсёды стаяць на чале новага прагрэсіўнага мыслення. У сваіх геніяльных оскараносных фільмах і мультфільмах яны пакрысе, памаленечку пачалі рыхтаваць разгубленае чалавецтва да доўгачаканай сустрэчы… Тут прапаноўваліся розныя варыянты, — і аптымістычныя, і песімістычныя. Нагледзеўшыся тых фільмаў са спецэфектамі, многія гледачы ў разгубленасці самі сабе не маглі сказаць, дзе — рэальнасць, а дзе — кінавыдумка…
Увогуле, калі гаворка зайшла пра кінарэжысуру, то заадно варта ўспомніць і пра тэлебачанне…
Гэтак сталася, што без тэлебачання, дзе гаспадарылі палітыкі, хахмачы і кінарэжысёры, людзі ўжо і свету не бачылі — штодня яны толькі тым і цікавіліся, як жылі-пажывалі разумнікі палітыкі, тыя дзесяць хахмачоў, што з телеэкрана не злазілі, тыя кіна-і тэлезоркі рознага манеру.
Дык вось, якраз тады быў тэрмінова распачаты сакрэтны праект будаўніцтва зоркалёта. Чакаць бяду на Зямлі не было сэнсу, спадзявацца на салодкія рэжысёрскія баечкі таксама няварта, трэ было самім кіраваць да той планеты Дзэта, адкуль сыходзілі сігналы штучнага паходжання. Можна толькі ўявіць, што пачнецца на Зямлі, калі нечысць касмічная на Зямлю наваліцца. Тут ужо ніякія Бэтманы, ніякія супергероі не дапамогуць.