Читать «Апошнія ахвяры сьвяшчэннага дуба (повесть)» онлайн - страница 95

Ольга Михайловна Ипатова

— Трэба быць надта асьцярожнымі, — пад’ехаўшы да Ратшы, папярэдзіў ён. Але каржакаваты, з магутнымі, як выварачаныя карані плячыма дружыньнік толькі зьняважліва засьмяяўся:

— Бачу, пан калоціцца ад страху. Колькі прашлёндалі — усё было спакойна. І далей так будзе. Ці мо пану Лядашчык паказаўся?

— Не, я самую Марэну ўбачыў! — пакрыўджана-злосна адпарыраваў Круглец. Авёс адразу запляваўся, замахаў рукамі:

— Чур мяне захавай! Каб яна на нас забылася як надаўжэй!

— Мяне! — перадражніў яго Ратша. — За ўсіх тады прасі, гарбуз печаны! Ды не калаціся! Нас ахоўвае сам Вялес, нездарма вялікі жрэц атрымаў ад яго добры знак.

— Але мы ўжо далёка, тут жывуць чужыя багі, — нясьмела запярэчыў яму трэці дружыньнік — кучаравы, русы, з залацістым пушком над вуснамі Трэпет.

А Круглец насьмешліва паддаў жару:

— Я Стрыгу, як цябе, бачыў, вунь там, за хатай, яна з цябе вачэй не спускала!

Відавочна ўстрывожаны, Ратша дакрануўся да грудзей, дзе на абярогу быў металічнай паласой навараны знак агню, зашаптаў словы замовы.

Ды толькі гэта не дапамагло.

Вясновы дзень, цяплейшы, чым на радзіме, з жоўтымі вочкамі дзьмухаўцоў і маладым пахкім лісьцем, з вільготным пяском на капытах коней і на ботах коньнікаў яшчэ толькі пачынаў сваю хаду, як на падарожных абрынулася няшчасьце.

Атрад рэйтэраў, што выпаўз з-за павароткі, спачатку не прадвяшчаў бяды. Недзе з пятнаццаць коньнікаў трусілі па дарозе роўна і амаль ляніва. Хутчэй за ўсё, гэта былі воі, што вярталіся ў горад. Круглец пакасіўся на скураную торбу, дзе ў футарале ляжаў ахоўны пергамент з малой пячаткай Альгердавай канцылярыі. Ратша паправіў на каптане знак ганца — металічны кругляк з трызубцам Гедзіміна. Авёс і Трэпет з цікавасьцю глядзелі на цяжкіх, крутагрудых нямецкіх коней, узгадваючы няхітрыя нямецкія словы, якіх яны нахапаліся пры двары і ў крамах нямецкіх купцоў.

Але нічога з усяго гэтага не спатрэбілася: пачулася гучная каманда, немцы, выхапіўшы мячы, паімчаліся насустрач чатыром коньнікам. Узьвіўся сьцяжок наперадзе, і вільняне ўбачылі чырвоны крыж на белым полі. Гэта былі крыжакі.