Читать «Апошнія ахвяры сьвяшчэннага дуба (повесть)» онлайн - страница 96

Ольга Михайловна Ипатова

Трэба імгненна прымаць рашэньне, і Ратша яго прыняў: ён рэзка зьвярнуў у лес, на пясчаную дарогу, што адгаліноўвалася ад шляху. Можна было спадзявацца, што толькі там можна, адарваўшыся ад нападоўцаў, схавацца недзе на адной з бясконцых сьцяжынаў альбо затаіцца ў гушчары. Калі б рашэньне прымаў Круглец, ён паспрабаваў бы спыніць крыжакоў, падняўшы футарал з ахоўнай граматай. Аднак, падганяючы каня ўсьлед за Ратшам, ён раптоўна зразумеў, што ў такім разе гібель напаткала б іх тут жа і неадменна: мабыць, крыжакі выдатна ведалі, што чацьвёрка вояў начавала ў горадзе, бо на ажыўленай дарозе нападаць на падарожнікаў маглі толькі яны, што не баяліся ні каралёў, ні радцаў-гараджан, а толькі самога Папу.

Пазьней Круглец зразумеў, што іх перастрэлі не выпадкова. Хтосьці даклаў крыжакам пра іх. Хтосьці падказаў, што адзін з падарожных відавочна багаты чалавек. Хаця дарожны плашч ды вопратка Кругляца былі бяз срэбных фібул ды пушыстай аблямоўкі, усё ж напоі і стравы, якія ён заказваў у корчмах, дзе прыставалі на ноч, пакой, у якім начаваў, былі самымі дарагімі. Маглі нападоўнікі разважаць і так: чатырох адолець лягчэй, чым цэлы атрад. Крыжакі, калі яны ехалі ў далёкае падарожжа, часам палявалі на здабычу, бо калі і маглі паскардзіцца ў мясцовы магістрат ацалелыя, хто стане шукаць вецер у полі?

…Што і конь у яго хутчэйшы і лаўчэйшы, чым у спадарожнікаў, Круглец спасьціг таксама тут, на гэтай лясной дарозе. Разумны скакун, нібы зразумеўшы страх гаспадара і небясьпеку, імгненна, скіраваўшы паміж рэдкіх соснаў паабапал дарогі, абагнаў усіх і вырваўся наперад.

— Наперад! Хутчэй! — крычаў Ратша, і Круглец гнаў каня, заплюшчваючы вочы, калі галіны білі яго па твары, гнаў, скіроўваючы каня то ўлева, то ўправа — ажно пакуль зьнямоглы скакун ня ўпаў на калені, і коньнік, перакуліўшыся праз яго, з усяе сілы пляснуўся сьпіной аб зямлю.

Яму пашанцавала: зямля тут была мяккай, зялёны мох даўно нарасьціў на паляне пушыстае покрыва, і тонкія асінкі трапяталі па краях гнуткімі цельцамі. Ускочыўшы, Круглец прыслухаўся. Але нічога ўжо ня тупатала сьледам, не галёкала чужымі варожымі галасамі, ні сьвісьцела — нібыта ўся гэтая шалёная пагоня толькі прымроілася яму. Ён асьцярожна выглянуў з паляны на зарослую быльнягом і травой дарогу, хутчэй, сьцяжыну, з якое збочыў конь, але нікога і нічога не было ані відаць, ані чуваць і там.

Конь цяжка дыхаў, з храпы яго ішла пена. Няўжо загнаў свайго выратоўцу да сьмерці? Круглец агледзеўся, вызначаючы, ці можа быць недзе блізка вада. Можа, рэчка, а можа хоць якая калюжына дасьць каню тыя выратавальныя глыткі, што паднімуць яго з моху.

Выняў са скураных похваў корд — магчыма, давядзецца прасякаць сабе шлях праз кустоўе. Пасьлініў палец, падняў яго ўверх, каб вызначыць, адкуль вецер, і прынюхацца — ці ня пахне ён вільгацьцю. Апускаючы руку, заўважыў у кустах цікаўнае вока — імгненна кінуўся туды і ня даў уцячы клышаногаму, у сьвітцы іржавага балотнага колеру мужыку. На пытаньні той адно матляў галавой і са страхам касіўся на пояс Кумца з выявай Сварожага знаку.