Читать «Апошнія ахвяры сьвяшчэннага дуба (повесть)» онлайн - страница 93

Ольга Михайловна Ипатова

І самым дзіўным для Няжылы было тое, што ён, пракляўшы хрысьціянства і адрокшыся ад яго, раптам стаў як бы відушчым на ўсё, што адбывалася наўкол. Укленчваў на маленьнях у храме Перуна, Лады, Вялеса, але толькі ў жраца Лойкі адчуў гарачую, непадробную любоў да бога, якому той маліўся. Ашаламляльным стала раптоўнае адкрыцьцё, падказанае збалелай душой: Бурыла маліўся Вялесу так, нібыта гаварыў з ім пра сябе і прасіў толькі для сябе! Пакуты абвастрылі зрок і слых Няжылы, ён адчуваў фальш там, дзе раней бачыў веліч і прыгажосьць, адкрыўшы ў людзях, што адзін можа быць з мёдам, а другі — з чамярыцаю… Ён лавіў амаль незаўважныя для іншых інтанацыі ў голасе вялікага князя, калі той гаварыў пра язычнікаў, і адчуваў: Альгерд ненавідзіць сваю залежнасьць ад жрацоў і прагне ад яе выбавіцца. Вялікі князь моцна пакутуе яшчэ ад нейкага цяжару, і таксама хоча ад яго выбавіцца. Можа, ад дзяўчыны, пра якую ўсе шэпчуцца, што яна, як толькі пройдзе год, можа стаць новай жонкай Альгерда. І Няжыла ўзгадваў, як вялікая жрыца Нара на вялікім княскім прыёме, пры ўсіх, палезла сваімі доўгімі кіпцюрамі за каўнер ягонаму брату, нібыта дакладна ведала, што там — крыж. Адкуль жа ведала? Хто мог ёй сказаць? І хто так напалохаў і скруціў Рэчыцу, якая стала сьведчыць супраць яго чорную няпраўду?

Тады зразумеў, што далей так жыць ня можа. Яго думкі ўжо не вілялі хвастамі, яны сталі рашучымі і цьвёрдымі, так што ўжо ня трэба было бясконца выбіраць нарэшце, чаго ж ён хоча, з кім і чым зьбіраецца жыць.

У адну доўгую ноч, калі цурчала за вакном сакавіцкая вада, і туман ахутваў дрэвы тоўстым белым покрывам, ён адчуў: яго шлях разам з Кумцом. Толькі з ім, бо там, дзе малодшы брат, там няма Няпраўды. Яна — тут, з ім і вакол яго…

ЗМУШАНАЕ ПАДАРОЖЖА

Круглец па загадзе князя скакаў у Хайдэльберг, і ажно тры дружыньнікі суправаджалі маладога баярына ў гэтай ганебнай для яго паездцы. Пастараўся Бурыла: ён паказваў, што ані не давярае баярыну і што яго, як таго вераб’я на мякіне, не правядзеш.

Малады вой усяляк стараўся затрымаць сваё падарожжа: у адным з селішчаў, толькі яны ад’ехалі, дружыньніку Ратшы давялося спыніцца і папрасіць усіх разам з ім сатварыць маленьне Перуну альбо вярнуцца: падкова ў ягонага каня зьляцела, і гэта было дрэннай прыкметай, азначала, што багі ня дужа падтрымліваюць падарожнікаў. Для іншых дружыньнікаў гэта стала неспадзяванкай, таму што, калі яны адпачывалі, падкова была, здаецца, надзейна замацаваная на конскім капыце. У другім селішчы ў дружыньніка Аўса схапіла жывот, ды так, што ён качаўся паўдня, ня маючы сіл падняцца.