Читать «Апошнія ахвяры сьвяшчэннага дуба (повесть)» онлайн - страница 91

Ольга Михайловна Ипатова

— Зьлітуйся! Яна не пераносіць твайго паху.

— Ах вось як! Яна не пераносіць майго паху! — зароў абражаны мужчына. — У такім разе, адрэзаць ёй нос, і зараз жа!

І маладой дурніцы тут жа адрэзалі нос…

Дзівейна адкінулася на крэсла, паглядзела на Нару, і абедзьве жанчыны ад душы расьсьмяяліся.

— З такою дарадчыцай, як ты, я не баюся ніякіх памылак, — сказала малодшая сястра.

– І добра. Вер мне, і ўсё будзе па-нашаму, — прамурлыкала вялікая жрыца. — На наш век яшчэ хопіць усяго — і багацьця, і багоў, а там… там, у будучым, усё яшчэ можа зьмяніцца. Ды мы зможам глядзець на ўсё гэта здаля, з Ірыю, і будзем там гэтак жа, як зараз, сьмяяцца… А пакуль — стань вялікай княгіняй, і хай табе дапаможа абярэжніца каханьня!

— А што, калі яна, наадварот, мне… адпомсьціць? — сьцішана запыталася дзяўчына. — Я не кахаю Альгерда, больш таго — баюся яго.

— Пра гэта ня думай! — амаль прыкрыкнула на яе сястра. — Гэта справа жрацоў. Я прымушу князя, каб ён заўсёды хацеў цябе, і каб таго юру было даволі для абодвух!

Наступіла маўчаньне. Дзівейна глядзела ўніз на жанчын, якія раскладалі свае няхітрыя падарункі перад выявай багіні Лады, і аб нечым думала, нахмурыўшы бровы.

— Я веру табе, сястра. Але і табе не заўсёды ўсё ўдаецца. Той малады прыдворны, які табе падабаўся… не застаўся з табою, калі ты таго захацела…

– І дзе ён цяпер? — адрывіста адказала жрыца. — У цямніцы, дзе яго грызуць пацукі і сырасьць выядае гарачыню крыві… Ён неўзабаве стане кастратам… Нават калі застанецца жывым, ніколі ня зможа больш любіць жанчыну так, як таго патрабуюць багі…

— Затое я чула, што пад ягонае акенца зьбіраюцца людзі і слухаюць яго словы так, як ня слухаюць многіх жрацоў…

— Ты гэта чула? Сапраўды?

Нара ўскочыла, скінуўшы пульхную аксамітавую падушку, на якой сядзела. Сказала заклапочана:

— Трэба будзе сказаць пра тое Бурылу.

І, пацягнуўшы носам, раптам перамяніла тэму:

— Нехта з гэтых няшчасных прынёс у сьвяцілішча выдатную медавуху. Для Лады яна не патрэбная, а нам… Апошнім часам у мяне нешта стыне кроў, так што ня шкодзіць трохі сагрэцца. Як ты, вялікая княгіня?

— Не суроч, сястра! — апасьліва прашаптала Дзівейна. — Нешта неспакойна ў мяне на сэрцы. Пакуль ня стану валадаркай…

І з раптоўнай гарачнасьцю амаль крыкнула:

— Каб ня ты, ня вы ўсе… я ляжала б у абдымках Бусла, аднаго з Ашвінаў, і кахала б яго! У яго гладкая скура і магутныя рукі, і я марыла аб Конскім тыдні, каб аддацца яму!

— Стань валадаркай, і ў маім храме цябе праз які год абдыме Бусел, а ніводная душа пра тое не даведаецца.

— А пасьля я пайду на ложа старога! І буду хлусіць яму!