Читать «Апошнія ахвяры сьвяшчэннага дуба (повесть)» онлайн - страница 11

Ольга Михайловна Ипатова

Але цяпер яму было гэта нецікава. Цяпер браў ён і чытаў Вялікую Кнігу, перапісаную з той, што ў храме Параскевы Пятніцы ўрачыста і нясьпешна гартаў архірэй храму і духоўнік вялікай княгіні Марыі Нестар, каб нарасьпеў прагаварыць патрэбны абзац і патлумачыць яго нешматлікім яшчэ хрысьціянам Вільні.

У скрыпторыі было некалькі Бібліяў, падораных і Міндоўгу, і Віценю, і Гедзіміну гаспадарамі розных хрысьціянскіх краінаў. Былі гэтыя кнігі на лаціне, на грэцкай і нямецкай мовах. Было некалькі і на стараславянскай, прывезеных цьвярскімі князямі, што шукалі прытулку і дапамогі супраць сваіх маскоўскіх супернікаў ужо ў Альгерда. Гэты былі атуленыя разьбянымі дошкамі або закутыя ў сярэбраныя аклады, альбо проста пераплеценыя цялячай скурай лісты, дзе хавалася Вялікая Мудрасьць.

Круглец чытаў спачатку на нямецкай — яна была найбліжэйшай яму пасьля славянскай: нездарма колькі гадоў штудыяваў навуку ў Нямеччыне, з вясёлымі буршамі вёў дыспуты наконт стварэньня сьвету. Пасьля наняў настаўніка грэцкай мовы — здавалася яму, што так стане ён бліжэй да сьвету, што гэтак уразіў душу ў Візантыі. Грэцкая мова давалася надзвычай лёгка, нібы ўжо ведаў яе спрадвеку, і праз які год павольна, дапамагаючы сабе тэкстамі па-нямецку, чытаў Круглец па-грэцку пасланьне апостала Паўла карынфянам:

«Ніхто не шукай свайго, але кожны патрэбы другога».

Амаль кожны раз пры чытаньні гэтай дзіўнай, ні да якой іншай не падобнай кнігі, усё ў ім пераварочвалася.

Як жа не шукаць свайго? На гэтым і трымаецца сьвет. Кожны хоча атрымаць як болей слодычы, задавальненьня і радасьці. Калі ўжо і не за кошт бліжніх, дык за кошт сваіх здольнасьцяў, альбо багацьця бацькоў і іхняга высокага становішча. Хіба не багі — тут ён кожны раз папраўляў сам сабе: Бог! — дык вось, хіба ня Бог дае тое, што мае кожны на гэтым сьвеце? Хіба ня супраць Бога ідзеш, калі ня дбаеш аб сваёй карысьці, не чужой, а сваёй уласнай! Чаму ж другому, аб чыёй патрэбе я стану клапаціцца, ня даў Бог таго, што ён даў мне?!

Але нешта падказвала яму ясна і цьвёрда, што сьвет, хаця і стаіць ён сёньня на патрэбе для самога сябе, не павінен быць такім. А калі дапаможаш іншаму — атрымліваеш такую радасьць, якой ня ведаеш, калі зрабіў нешта толькі для сябе. Вось жа толькі адно пацікавіўся ён, як жыве Вусень, і даў яму на лячэньне хворай жонкі сорак шэлегаў, як сэрцам адчуў гарачую ўдзячнасьць чалавека, якога ён, здаецца, добра ведаў ад самага дзяцінства — але разам з тым ня ведаў пра яго нічога. Ні пра тое, што Вусень мае залатыя рукі і пляце лапці для ўсіх сваіх родзічаў, ні таго, што ў ягоную жонку ўсялілася Трасца і страшэнна мучыць яе па начах. Калі ж, упаўшы ў ногі, шчыра дзякаваў служка свайму маладому гаспадару, зноў адчуў Круглец, як ахапіла яго гарачая хваля радасьці… Падымаючы слугу, пабачыў ягоныя вочы. Сустрэліся позіркі — і адкрылася сыну пасла Леся, што і Вусень — такі ж чалавек, як і ён сам.

Дзіўным было для яго тое адкрыцьцё. Як і многія іншыя адкрыцьці, што, нібы згаварыўшыся, апаноўвалі адзін за адным ягоную душу. Ажно да часу, пакуль не пачаў усьведамляць усім сэрцам, што звыклы для яго сьвет, магчыма, інакшы, і іншыя законы пануюць у ім, толькі іх трэба і ўбачыць, і адчуць…