Читать «Апошнія ахвяры сьвяшчэннага дуба (повесть)» онлайн - страница 90

Ольга Михайловна Ипатова

Абедзьве сястры адпачывалі. Зірні хто зьверху на сьвятліцу, дзе яны сядзелі, параўнаў бы яе з прыгожай клеткай, дзе ўладкаваліся дзівосныя птушкі: чырвоная прасторная сукня Нары і лазуровы каптан Дзівейны, залатыя і срэбныя бранзалеты, колты, абручыкі надавалі абедзьвюм жанчынам падабенства з яркімі заморскімі шчабятуньнямі. І сьвятліца адпавядала таму высокаму становішчу ў Вільні, якое займала вялікая жрыца: сьцены былі абцягнутыя сьветла-жоўтым атласам, на бялюткім абрусе месьцілася чарнёнага серабра амфара з пахкім грэчаскім віном і такія ж кубкі. На круглай пукатай тарэле грувасьціліся крутабокія чырвоныя яблыкі. У куце дымілася празрыстым духмяным дымам пазалочаная курыльніца. Сёстры ледзь ня грузнулі ў мностве маленькіх падушак, а ногі ў мяккіх поршніках паклалі на ніжнюю вузкую лаву, усьцеленую белай аўчынай. Адтуліны ў сьцяне маскаваліся пад узоры, выкладзеныя алавастрам. Нара паказала на чарнавалосую, у пышным вяночку дзяўчыну, што стаяла на каленях:

— Каханка майго дзядзькі Нарбута. Прыходзіць штодзень вось ужо месяц, і дзядзька па маёй просьбе зрэдзь, пасьля кожнага ейнага маленьня, сустракаецца з ёю. У кожнай з іх плача сэрца, — сказала яна і пагладзіла па плячы Дзівейну.

— Сюды цягнуцца пераважна жанчыны. Учора жаданыя для мужчыны, сёньня яны робяцца для яго звыклымі, а пасьлязаўтра — надаеднымі, і ён жадае іншую жонку альбо наложніцу.

— Хрысьціянства тое забараняе, — адгукнулася Дзівейна.

— Хрысьціянства выгаднае жанчыне, бо сужонак вымушаны браць яе на ўсё жыцьцё. Але ж… гаспадар сёньняшняга жыцьця мужчына, і таму якраз ён — галоўная апора нашага храма. Як ваўку патрэбная спажыва, так і мужчыне — сьвежаніна, жаночае цела. А значыць, колькасьць няшчасных не паменшыцца, і яны будуць вечна хадзіць у наш храм!

— Калі вялікі князь не ажэніцца са мною ў царкве, а проста тройчы абвядзе вакол сьвяшчэннага дуба, то я таксама магу яму хутка надакучыць, — усьміхнулася Дзівейна.

— Гэтага не дапусьцім мы. Ён павінен паказаць усяму сьвету, што шануе старых багоў. Што ягоная краіна ня стане хрысьціянскай. А што да надакучнасьці… Хочаш, я раскажу табе пра разумную жонку. Яна жыла недзе там, на ўсходзе, сярод касавокіх народаў. І муж яе, уладыка краіны, пакахаў маладзенькую прыгажуню і ўзяў яе ў дом. Тады жонка пасябравала з прышлай і стала дагаджаць ёй, як толькі магла. Што тая ні пажадае — яна ёй дорыць і ўсяляк задобрывае… Калі пра гэта даведаўся муж, ён надта ўсхваліў сваю жонку: «Такімі паводзінамі яна паказвае, што падпарадкоўваецца майму жаданьню і паважае іх!» І вось, калі абедзьве жанчыны так пасябравалі, што, здаецца, не маглі жыць адна без адной, маладая папрасіла парады, як ёй сябе паводзіць, каб каханьне ўладыкі да яе было яшчэ мацнейшым. І тады старая жонка сказала: «У табе ўсё яму падабаецца, апроч носа. Ты прыкрывай нос хусткай альбо наміткай, і ўсё будзе добра». Праз нейкі час уладыка запытаўся ў сваёй старой жонкі, чаму маладая ўвесь час прыкрывае нос. «Ах, навошта табе гэта!» — закапрызіла жанчына. Калі ж той пачаў настойваць, нехаця прызналася: «Яна такая цудоўная, што даверыла мне страшную таямніцу, якую я расказваю табе толькі таму, што не магу адмовіць табе, усемагутнаму». — «Дык што там з ёю?» — дапытваўся цар.