Читать «Апошнія ахвяры сьвяшчэннага дуба (повесть)» онлайн - страница 82

Ольга Михайловна Ипатова

Нямногія маглі здагадацца, колькі жарсьцяў і вузлоў закруцілася вакол гэтай нечуванай для Вільні падзеі, калі вярхоўныя жрацы прыйшлі да хрысьціянскага храму, хай нават і на магілу вялікай княгіні.

— Для нас гэта не царква — для нас гэта найперш сьвяцілішча Рагуціса, хай і разбуранае, — сказаў урэшце на вялікай радзе сьвяшчэнных старцаў і вярхоўных жрацоў стомлены ад шматгадзінных пярэчаньняў і састарэлых крыўдаў Бурыла. — Ягоны дух там, бо стагоддзі запар пакаленьне за пакаленьнем прыходзілі да яго, каб узьнесьці яму пахвалу і маленьні. І калі мы будзем паводзіць сябе абачліва і мудра, можа, неўзабаве верне сабе Рагуціс сваё законнае месца? І каменьне з нечасьцівай будыніны будзе раскрышана маланкамі Перуна?

Тое самае адразу ж загаварыла, як засьпявала, Нара:

— Нам не выпадае сварыцца з вялікім князем, які цяпер у скрусе. Падтрымаем яго зараз — ён падтрымае нас у цяжкую хвіліну. А вы бачыце: вакол нас змыкаецца кола хрысьціянства. Ды і ўнутры: уся усходняя частка Княства паддалася гэтай заразе, хаця і гвалціў сын рабыні князёўну Рагнеду перад бацькам і братамі! І што ж? Хіба адпомсьцілі палачане так, як гэта належала б воям? Хіба не здрыганулася рука ў Рагнеды? Яна ўрэшце сама стала рабыняй, прыняўшы схіму ў Ізяслаўлі!

— Што згадваць старыя часы! — падняўся з месца Лойка. — Страшнейшае тое, што мы — мы, хто ведае! — прыйдзем да апаганенага чарвямі цела — былога сасуду сьвятла і высокай сілы. Ня вам казаць пра тое, што, спальваючы цела, мы дапамагаем вызваліць з цямніцы полымя Духу, якое павінна падняцца ў Сваргу! І як я ўздыму там, ля апаганенай зямлі брэцьяніцу, як буду вітаць дух, які, можа, усё яшчэ ня можа выбрацца з тае цямніцы, ажно пакуль яна не згніе да костак!

Усе доўга маўчалі. Пасьля падняўся адзін з вешчых старцаў імем Вецер. Быў некалі вялікім празарліўцам, ды даўно зацьменіўся спакусамі жыцьця і каханьнем да простай жанчыны, з якою прыжыў сына. Нара, якая даведалася пра тое выпадкова, ня толькі захавала таямніцу, але і вылечыла сына ад цяжкай хваробы. За тое старац быў бязьмерна ўдзячны ёй і падтрымліваў, дзе і як мог. Востры розум дапамагаў яму захоўваць сваё высокае становішча, і ягоныя парады слухалі заўсёды з пашанай.

— Мы можам выклікаць там новы агонь і такім чынам ня будзем апаганеныя, — прапанаваў ён.

Шэлест прайшоў па прысутных. Выклікаць на кавалку сьвяшчэннага ясеню альбо вярбы новы агонь каля магілы вялікай княгіні, як вышмароўвалі яго сьвярдзёлкам каля магіл высокіх духам старцаў, каб людзі пасьля несьлі той агонь да сябе ў хаты, значыла паказаць князю высокую пашану да ягонай жонкі, і разам з тым ачысьціць сябе ад непажаданага абраду. Гэта быў добры выхад, і ўсе згадзіліся з тым.

У той жа вечар, сабраўшыся ўтраіх у капішчы Перуна, вырашылі Бурыла, Нара і Вецер упершыню паказаць вялікаму князю Дзівейну. Цяпер было гэта надта няпроста: Лойка і яго маленьне моцна сапсавалі ім задуму. Бо, хаця і не знайшліся смарагды ў Дзівейны, усё ж цьмянае падазрэньне вісела над ёю, а значыць, і над ейнай сястрой. І ўсё ж трэба было працягваць — назад шляхоў ужо не было…