Читать «Апошнія ахвяры сьвяшчэннага дуба (повесть)» онлайн - страница 81

Ольга Михайловна Ипатова

— Кажы! — крыкнуў Кумец, трацячы цярпеньне.

— Ніхто ня ведае, куды, — гыгыкаў Заяц. — Адно толькі вядома, што за ёй прыязджаў сам вялікі Бурыла, каб забраць у капішча. Кажуць, што схаваў яе брат, за што трапіў у няміласьць ня толькі да жрацоў, але і да двара. За нечуванае сьвятатацтва!

— Я дам табе дэнарый — раптам сказаў Няжыла. — З умовай — калі прывядзеш сюды кагосьці са жрацоў з храма Вялеса альбо Перуна. Ён мне паможа.

— Цэлы дэнарый! — захлынуўся радасьцю Заяц. — Калі толькі мяне ня кінуць сьвяшчэнным зьмеям, я выпрашу ў яго гэтую міласьць! Мой дзядзька вартуе капішча Перуна… Але што яму казаць? Навошта ён табе?

— Скажы, што ён не пашкадуе.

— Добра, лізун замкавай медавухі! Загадчык чашаў і брэцьяніц! Я зраблю гэта!

— Брат, скажы шчыра: навошта табе жрэц? — як толькі са скрыгатаньнем зачыніліся цяжкія, акаваныя меддзю дзьверы вязьніцы, запытаўся Кумец.

— Дазнаешся заўтра, — коратка адказаў Няжыла. Яго шырокі, круталобы твар пабляднеў, вусны падцяліся. Вялікае рашэньне, якое ён падспудна насіў у сабе, зараз высьпела ў рашучасьць. Ён павінен ратаваць брата, калі той ня хоча ратавацца сам. І хаця Кумец заўсёды быў разумнейшым за яго і знаходзіў лепшыя рашэньні, Няжыла быў упэўнены, што ў бязвыходнай сітуацыі трэба не маліцца, не пакорліва чакаць, пакуль іх павесяць на сьвяшчэнным дубе, а дзейнічаць…

Калі пасланы Бурылам Лелюш выслухаў Няжылу, ён зразумеў: пакараньне Няжылы можна адкласьці, таму што ня сьмерць яго, а жыцьцё лепей паслужыць жрацам. Такую ж думку выказаў і Бурыла:

— Марыя памерла, і гэты пахолак нам нястрашны. Наадварот — мы пакажам Альгерду, які так яго шкадуе, што мы не крыважэрныя, і што мы лічымся з пачуцьцямі вялікага князя. Хай пакуль пажыве…

САРАКАВІНЫ. МОРАК

Карчажка з хмельным мёдам стаяла на магіле вялікай княгіні Марыі, што месьцілася ля самай царквы Параскевы Пятніцы, побач на ручніках ляжалі яйкі, кавалкі жытняга хлеба і дзічыны. Паабапал, накрытыя ручніком, стаялі брэцьяніцы, аднак краўчы трымаў у руках залатую з эмальлю грэцкую чашу, з якой будзе піць вялікі князь. Хлопчыкі-памагатыя выстаўлялі наперад чашы меншыя, з серабра, аздобленага пярлінамі — для вярхоўных жрацоў. Вецер ірваў шытыя золатам павязкі на галовах прыдворных жанчын, уздымаў полы сініх, жоўтых, зялёных корзнаў іхніх мужоў, загаляў доўгія рукавы на жрэчаскіх каптанах. Беглі аблокі, адчынялі час ад часу сіні крышталь недасяжна-вечнага неба, адкуль глядзелі на трызну па мёртвай княгіні Марыі тыя, хто прымаў дары і паднашэньні.

Вялікі жрэц Бурыла чытаў маленьне да ўладаркі сьмерці Марэны, якая, як верылі ўсе прысутныя, прынесла сюды, на саракавіны, душу вялікай княгіні, каб магла яна пабачыць усіх дарагіх яе сэрцу людзей і суцешыць іх у вялікай жальбе.

Япіскап Нестар не выходзіў з храму — там зараз рыхтавалася паніхіда па памерлай, і князь Альгерд, пасьля таго як ён праводзіць душу нябожчыцы назад, у чысьцец перад Ірыем, прыйдзе ў храм, каб папрасіць для яе спакою і добрага адказу перад тым, Адзіным, хто судзіць усе справы яе і думкі.