Читать «Апошнія ахвяры сьвяшчэннага дуба (повесть)» онлайн - страница 3

Ольга Михайловна Ипатова

І адразу натоўп радасна загуў — агонь за сьпіной Перуна ярка ўспыхнуў, у сьвятле полымя пабляклі смалякі. Бог прыняў ахвяру, значыць, скончыцца страшны мор, які быў насланы злымі сіламі на свойскую скаціну, мор, ад якога здохла ледзь не траціна сьвіней і кароў у ваколіцах Вільні.

Людзі з воклічамі захапленьня сталі кідаць на вялікія тарэлы, якія тут жа зьявіліся ў руках жрацоў, каліты з манетамі, пярсьцёнкі, а некаторыя баярыні — уласныя колты, што, сьпяшаючыся, выцягвалі з вушэй. Колты тыя былі найбольш сьпіральныя — крывічоў сярод насельнікаў Вільні было непараўнальна болей, чым балтаў, дрыгавічоў ды яцьвягаў.

— Брат, ты што дрэмлеш? — пачуў Кумец голас старэйшага брата Няжылы, і схамянуўся. Выцягнуў з каліты, што вісела на паясным кручку, залаты пражскі грош і шпурнуў на тарэлу так, што ён адскочыў ад меднае паверхні і пляснуўся на яе другім бокам.

— Ты што, брат? — зьдзіўленыя вочы Няжылы трохі астудзілі полымя, што бушавала ў грудзях Кумца.

— Нічога! — буркнуў той. Няжыла зьдзівіўся яшчэ болей — ніколі яшчэ малодшы брат ня быў такім злосным. Наадварот — ягоны твар быў заўсёды вясёлым і прыветным, усьмешка амаль не сыходзіла з яго.

Браты любілі адзін аднаго. З таго часу, як у Нямеччыне загінуў іхні бацька, лоўчы Драмак, пакінуўшы чатырох дзяцей — двух сыноў і столькі ж дачок, яны ва ўсім дапамагалі маці. Баярыня Людміліца доўга і цяжка хварэла, і родзічы яе пачалі прыбіраць да рук багацьці, што засталіся пасьля мужа. Няжыла тады пайшоў у свой першы паход у войску Гедзіміна на Баербург, дзе загінуў вялікі князь і шмат ваяроў. Вярнуўся ён параненым, лячыўся барсучыным салам, часта езьдзіў у розныя сьвяцілішчы Віленшчыны ў пошуках найбольш магутных валхвоў. Шаснаццацігадовы Кумец тады неяк неўпрыкмет узяў усё ў свае рукі. Паціху, бяз звадаў і спрэчак, зьніклі з дому хцівыя родзічы, вярнуліся на свае месцы сярэбраныя келіхі, падораныя некалі бацьку за верную службу і Гедзімінам, і княжычам Альгердам. Сямейнікі Драмака ганарыліся, што ён служыў пры сыне вялікага князя Гедзіміна яшчэ тады, калі Альгерд толькі падрастаў і быў толькі спадчынным князем Крэва. Пры двары свайго бацькі тут, у Вільні, Альгерд вучыўся пазіраць на жыцьцё з вышыні ўладара, падпарадкоўваючы маладыя жаданьні няўмольнай сіле Неабходнасьці. Адсюль паехаў у багаты Віцьбеск, калі ажаніўся з князёўнай Марыяй і дзе прыняў тамтэйшы тытул пасьля сьмерці ейнага бацькі Яраслава.