Читать «Апошнія ахвяры сьвяшчэннага дуба (повесть)» онлайн - страница 36

Ольга Михайловна Ипатова

Усе елі са смакам. Ежа ня лезла ў рот толькі аднаму Кругляцу, які сядзеў у канцы стала.

Учора вечарам Кумец прыбег да яго ў такім выглядзе, у якім, мабыць, ніхто ніколі ня бачыў прыгожага, заўсёды ўпэўненага ў сабе памочніка лоўчага: парваныя на грудзях брунатнага каптана аплікі, на бурскіх дарагіх партах чорныя пырскі, лісіная шапка з зялёным аксамітавым верхам стаяла на галаве тырчком. Ён задыхаўся ад гора. Высьветлілася, што кашталян замку Нарбут, возны Сухта і земскі Капец дапытвалі ўчора Рэчыцу, і яна сказала, што ўкрала смарагдавыя каралі ў вялікай княгіні і аддала іх свайму жаніху Няжыле, якога тут жа схапілі і кінулі ў ніжняе падзямельле замку, дзе трымаюць толькі самых вялікіх злачынцаў.

— Яго, мабыць, катуюць там, а я нічога не магу зрабіць! Я рваўся да вялікага князя, але кашталян сказаў, што пасадзіць і мяне, калі я буду перашкаджаць сьледству. Я хацеў сустрэцца з Сухтам — мы добра знаёмыя, — але і ён мяне не прыняў!

— А можа, нячысьцікі сапраўды спакусілі дзяўчыну на гэткае злачынства? — асьцярожна запытаўся Круглец, зачыніўшыся з Кумцом у самым аддаленым пакоі, каб іх не падслухаў ніводны са слуг.

— Я магу прайсьці вялікі агонь праўды, каб даказаць, што брат мой ня злодзей і ня дурань, бо такую каштоўнасьць нават прадаць ня так проста! Ды і хіба патрэбныя яму гэтыя каралі! — гаварыў Кумец, захлынаючыся словамі. — І можа, Рэчыца таксама ня брала іх. Бо яе відавочна прымусілі паказаць на Няжылу! Але навошта?!

Яны доўга абмяркоўвалі, як і да каго трэба зьвяртацца, каб даведацца, што ж адбылося насамрэч. Цяпер, на гэтым сьвяточным абедзе, куды на вялікае зьдзіўленьне хлопца запрасілі і сына пасла Леся, Круглец абдумваў магчымасьць зьвярнуцца альбо да самой вялікай княгіні, альбо да земскага Капца, якога ён ведаў з дзяцінства. Як дазнацца пра вытокі гэтага незвычайнага крывапрысяжства, калі нявеста сьведчыла супраць свайго жаніха? Што стаіць за ўсім гэтым? Ён і сумняваўся, і верыў Кумцу, якога ведаў з дзяцінства. Ведаў яго праўдзівасьць і разам з тым лёгкадумнае жаданьне ўцехі, таму і ня надта хацеў для сваёй сястры Уны такога мужа. Захапляўся Кумцовым умельствам у стральбе — і зьдзіўляўся нежаданьню таго хоць зрэдку зазірнуць у скрыпторый і даведацца мудрасьці старажытных.

Толькі што скончылася агульнае маленьне ў гонар Дажбога — жрацы ўсіх віленскіх храмаў сьпявалі сьвяшчэнныя гімны так, што ледзь ня ўвесь горад сабраўся пад сьцены княжацкага Горняга замку, і ў чыстым веснавым паветры, здавалася, можна было ўбачыць, як ціхаструйным воблачкам паднімаліся да вечных багоў чалавечыя малітвы. Сьпевы доўжыліся ледзь ня тры гадзіны, і цяпер, усеўшыся за доўгія дубовыя сталы, усе згаладнела накінуліся на прысмакі так, нібыта ня елі цэлы год.