Читать «Апошнія ахвяры сьвяшчэннага дуба (повесть)» онлайн - страница 35

Ольга Михайловна Ипатова

СЬВЯТА ДАЖБОГА

Разьбяныя галовы ільвоў на парэнчах загадкава і, як заўсёды, трохі адрачона выглядалі з-пад доўгіх парчовых рукавоў сьвяточнага кунтушу вялікага князя. Альгерд, адбыўшы вялікае служэньне ў храме, сядзеў на абедзенным крэсьле, над якім, здаецца, яшчэ бачыўся цень папярэдняга валадара, і госьці перашэптваліся, наколькі сёньня ён падобны да свайго бацькі Гедзіміна: нахмураны лоб, спакойная, абцяжараная многімі дзяржаўнымі клопатамі веліч, асабліва ж пастава галавы, на якой зьзяў залаты княскі абруч з каштоўнымі камянямі, што час ад часу адсьвечвалі чырвонымі, зялёнымі і малінавымі зіхоткімі іскрынкамі.

Гасьцей за вялікімі сьвяточнымі сталамі было шмат: замежныя паслы, паны-рада, зацныя людзі Вільні, купцы. На фоне чырвонай плінфы сьценаў іхнія аксамітавыя, парчовыя, шаўковыя каптаны, залатыя і срэбныя фібулы, гаплікі, апухі рукавоў выглядалі ўпрыгожаньнямі самой залы, яе неад’емнымі складнікамі. Сярод іншых выдзяляліся жрацы. Яны сядзелі на асобнай лаве ў сваіх высокіх белых каўпаках, з жэзламі ў руках і белых ільняных кашулях, на якіх магічнымі ўзорамі былі нашытыя залатыя і сярэбраныя круглякі-абярогі. Адзіная жанчына сярод іх, Нара, вялікая жрыца Лады, на гэты раз уразіла ўсіх ярка-чырвонай сукняй, на якой золатам былі вышытыя трохкутнікі — на грудзях і на лоне. Сукня была з найтанчэйшага шоўку, таму ўсё зграбнае цела жанчыны, асабліва ейныя грудзі і выразныя гузічкі вялікіх смочкаў, былі як выстаўленыя на агляд, ад чаго жарсьцю, нягледзячы на строгую цішыню першых хвілінаў урачыстага абеду, запальваліся позіркі мужчынаў.

Жанчын было няшмат. Усё гэта былі жонкі самых зацных мужоў Вільні, і на кожнай было столькі ўпрыгожаньняў, што, як пажартаваў блазен Альгерда Костка, кожная коштам была з добры карабель, так што можна было пускаць іх уніз па Вяльлі.

Клопатамі як Лойкі, так і прыдворнага лекара Ганса ўстала са свайго ложа і цяпер цяжка сядзела побач з мужам вялікая княгіня Марыя, стараючыся, каб мноства цікаўных вачэй не ўпалявала таго, што рука, якою яна трымае лыжку, калодай ляжыць на стале і амаль ня рухаецца.

— Слухай, госьці пярэстыя, як птушкі ў матуліным пакоі, — шапнула старэйшая князёўна Ганна сястрычцы Еўне. Сапраўды, княгіня Марыя трымала ў сваіх пакоях мноства яркіх, як баяры ейнага двара, замежных птушак і часта раніцай ляжала ў ложку гадзінамі, разглядаючы сваіх улюбёнцаў і слухаючы іхнія галасы. Цяпер яна пачула голас дачкі і востра глянула ў ейны бок, адначасна скоса пазіраючы на свайго духоўніка Нестара, нібы баючыся прапусьціць кожны самы нязначны ягоны рух. Трывога была ў ейным паглядзе, і нешта задушлівае, як перад навальніцай, вісела ў вялізнай зале, хаця хіба маглі заўважыць высокія госьці, што сёньня не было дваіх звыклых для большасьці з іх княскіх слугаў: ні Рэчыцы, ні падчашніка Няжылы, які звычайна рабіў сервіроўку сьвяточнага абеду. А яна была няпростаю: трыста сорак сярэбраных тарэлаў стаялі на доўгіх, тканых княжацкімі, яшчэ Гедзімінавымі ініцыяламі настольніках, а паміж імі месьціліся велізарныя падносы з закусьсю: мочаным гарохам, яблыкамі, рэдзькай і іншай бацьвінай. Кіраваў усімі слугамі стольнік: ён толькі паварочваў галаву — а тыя ўжо ляцелі да гасьцей, несучы то смажаных качак на срэбных падносах, то вялізных, з чалавека, шчупакоў, то наліваючы ў масіўныя кубкі з прыгожымі пукатымі ўзорамі медавіцу, настояную на руце і сьвятаяньніку.