Читать «Апошнія ахвяры сьвяшчэннага дуба (повесть)» онлайн - страница 34

Ольга Михайловна Ипатова

Сьпяшаючыся і, як заўсёды, не пасьпяваючы за вялікім князем, улазіў у прасторны жрэчаскі плашч вялікі жрэц Сварога, у той час як служка таропка падаваў яму жэзл і востраканечную шапку з белага лямца, абшытую собалем, а другі служка надзяваў гаспадару на шыю каралі з мядзьвежых зубоў — абярог супраць нечысьці.

Пакуль не прыбег стражнік, што падагнаў да дзьвярэй Зьвера, які неахвотна ішоў са стайні, яны абое зразумелі з плачу Рэчыцы галоўнае: паралюш разьбіў княгіню Марыю тады, калі яна даведалася, што зьніклі яе любімыя, падораныя бацькам, віцьбескім князем, смарагдавыя каралі. Яны былі надзвычай каштоўныя — некалі з самой Візантыі прывезьлі іх полацкія князі, вяртаючыся пасьля высылкі на радзіму. Тыя смарагды суправаджаліся рознымі паданьнямі. Казалі, што адзін з іх, самы вялікі, ярка-зялёнага зьзяньня, быў тым, праз які некалі глядзеў на падпалены ім Рым сам жахлівы кесар Нерон.

Вешчуны Вільні ведалі, што смарагд — вешчы камень, праз іх Саламон мог бачыць будучае, а Альберт Вялікі цьвердзіў, што смарагды палохаюць нячыстую сілу і супакойваюць сэрца. Лойка, якому аднойчы на цэлую ноч перадалі тыя каштоўныя камяні ў сьвяцілішча, каб выгнаў з іх усё благое, правёў абрад ачышчэньня, аднак усё ж ня раіў доўга насіць іх на целе. Ён нават адкрыў валадарцы таямніцу, што рэчы, якія пераходзяць ад аднаго чалавека да другога стагоддзямі і асабліва тысячагоддзямі, пачынаюць жыць сваім уласным, асобным ад іхніх уладальнікаў жыцьцём, а часам і дарэшты забіраюць клёк у новых гаспадароў. Аднак княгіня Марыя нібыта трапіла ў палон да любай ёй рэчы: трымала каралі ў разьбяным сандалавым куфэрку каля свайго ўзгалоўя і часта надзявала на шыю падчас вялікіх прыёмаў у палацы. Яны нагадвалі Марыі заручыны з Альгердам, першы погляд на яго і імгненную дзявочую захопленасьць. Яна памятала, як востры позірк будучага мужа дапытліва спыніўся на ейным твары, затрымаўся на белай сукні і шыі, дзе пераліваліся смарагды (ёй казалі, што яны ўдала адцянялі зеленаватасьць вачэй), і памякчэў, і нібы аддаўся ў палон ейнай маладой вабнасьці.

Вось чаму зьнікненьне бацькавага падарунку вострым сярпом падкасіла княгіню, адняло ў яе мову і спаралізавала. А здароўе і жыцьцё гаспадарыні Княства — гэта ўжо ня толькі справа княжацкай сям’і. Гэта — вялікая палітыка. Таму і Альгерд, і Лойка сьпяшаліся: кожная хвіліна сапраўды магла пераважыць шалі Лёсу у той ці іншы бок.

— Выклікаць кашталяна, а таксама вознага і земскага! — распараджаўся Альгерд, пакуль слуга нацягваў на яго падбіты мехам плашч. І тут жа, прапусьціўшы наперад жраца, разам з ім зьнік у зімовай віхуры, што шалёна крутанула дзьвярыма.

Ніхто не заўважыў, як упаў і адкаціўся пад лаву драўляны Пярун з шахматнай дошкі і застаўся ляжаць там, забыты ў мітульзе. Толькі Лойка, вярнуўшыся з палаца, узгадаў пра яго і пасьля доўга стаяў пасярэдзіне сьвятліцы, углядаючыся ў абрысы старажытнай, адпаліраванай пальцамі многіх папярэднікаў постаці вярхоўнага славянскага бога, нібыта тужліва ўглядаўся ў невядомае і неспасьцігальнае будучае…