Читать «Апошнія ахвяры сьвяшчэннага дуба (повесть)» онлайн - страница 33

Ольга Михайловна Ипатова

Худы, з глыбокімі маршчынамі пад упалымі шэрымі вачыма і на высокім ілбе, у белай ільняной кашулі і воўчымі каралямі на высокай шыі Лойка замаркоціўся:

— Колькі я ні тлумачыў табе, валадар, што багі — ня служкі, якіх мы выклікаем, калі захочам, ты ніяк не паверыш маім словам. Скажу табе адно — ня ведаю! Калі я прашу багоў адкрыць мне будучае нашай краіны, я бачу пажарышчы і людзей сярод багны, што, учапіўшыся адзін у аднаго, адначасна нікому не даюць выкараскацца наверх. А разам з тым — вышыні, аблокі і сонца. Так што мне ўвогуле часам здаецца, што мы ўсе, разам з нашай краінай, аднойчы ўздымемся ў Ірый і растанем там…

— А ў чым жа прычына таго, што мы, людзі, так мучым адзін аднаго, што зайздрасьць душыць нас, хаця жыцьцё такое кароткае?

Лойка не пасьпеў адказаць. У дзьверы пакою ціха пастукаліся. Жрэц незадаволена ўстаў, лёгка ступаючы, падышоў да дзьвярэй. Там стаяў спалоханы служка. Адштурхнуўшы яго, у пакой уварвалася і адразу бухнулася на калені нейкая дзяўчына. Альгерд з глыбіні пакою адразу пазнаў яе — гэта была пакаёўка вялікай княгіні Рэчыца. Лойка не пасьпеў нахмурыць бровы, як служка таропка пачаў тлумачыць, што пусьціў дзяўчыну толькі таму, што… Але Альгерд перабіў яго, адразу зьвярнуўшыся да Рэчыцы:

— Што з Марыяй?

І тут жа паправіўся:

— З вялікай княгіняй?

— Вялікі гаспадар, Родам і парадзіхамі клянуся, ня брала! Ня крала! — закрычала дзяўчына і на каленях папаўзла да яго. Зачапілася сукняй за парог і, парваўшы яе, рухалася далей, бесьперапынна выціраючы спалатнелы, заліты сьлязьмі твар. Рознакаляровыя стужкі з вяночка на галаве падалі на ейныя вочы.

Альгерд, гледзячы на яе, грозна вымавіў:

— Ты з-за нейкага свайго глупства насьмелілася сюды ісьці?!

— Не з-за сябе… З вялікай княгіняй… вохці мне, бяда… ой, нашто мне тыя смарагды! Я чужога на макавае зерне не вазьму! — калацілася перапужаная да паўсьмерці Рэчыца.

— Што ты пляцеш? Якія смарагды?

— Смарагдавыя каралі! Княгініны!

— Дык што з імі?

— Яны прапалі, зьніклі, нібы сам Лядашчык вынес іх праз комін! А цьвердзяць, што гэта я… Але ж я макавінкі…

— Хопіць! А княгіня?

— Я ж і кажу, што яна зьнямела і рукой не варушыць…

Тады вялікі князь жвава, як малады, ускочыў з крэсла:

— Каня, хутчэй! — загадаў ён — Гэтую… пад варту. З крадзяжом разьбярэмся пазьней. Паедзеш са мной, вялікі жрэц?

— Паеду, калі твой лекар Ганс не пакрыўдзіцца.

— Апранайся!

Альгерд імгненна нацягнуў на сябе каптан, увесь адразу як падцягнуўся, пастражэў. Небясьпека падхліствала яго дух, у ёй, як некаторыя птушкі ў навальнічных перападах над зямлёй, адчуваў ён сябе тым, кім яго і стварыла жыцьцё — барацьбітом і ўрэшце пераможцам.