Читать «Апошнія ахвяры сьвяшчэннага дуба (повесть)» онлайн - страница 2

Ольга Михайловна Ипатова

ВЕКША

Велізарны, з залатымі вусамі драўляны Пярун нерухома глядзеў удалячынь. Ён нібыта забыўся на людзей, якія корпаліся ля ягоных ног, мітусьліва прывязваючы да іх — тоўстых, абутых у чырвоныя ўсьмавыя боты — маладую дзяўчыну. Ён як бы думаў сваю адвечную думу, сягаючы ў далёкія, непадуладныя нікому пласты часу.

Дзяўчына была маладзенькай, яе тонкія рукі былі падобныя да маладых чарацінак, зламаных упэўненай, бязьлітаснай рукой. Залатыя валасы, акуратна заплеценыя ў касу і ўпрыгожаныя вянком са сьвежых рамонкаў, аздаблялі яе спалатнелы твар з роўным, прыгожым носам і вачамі, што былі той цёмнай, суцэльнай сінечы, якою цяжка адблісквае ў лістападзе ціхая лясная рэчка. Відавочна было, што яе напаілі адварам маку: яна не крычала, ня тузалася, а цьмяна глядзела, як пяньковыя вяроўкі абвіваюць ільняны падол ейнай сукні, як пяюць, ціха і працягла, жрацы ў белых нагавіцах і кашулях, паступова паскараючы сьпевы, як цьвёрда стаіць амаль насупраць яе ў канцы агромністае залы вялікі князь Альгерд.

Вярхоўны жрэц Перуна Бурыла ўзяў з блакітнае парчовае падушкі нож, які ярка і злавесна бліснуў у сьвятле безьлічы смалякоў, што зырка гарэлі па сьценах, упраўленыя ў сярэбраныя заціскі.

Лоўчы Кумец, стоячы ў багатай, бліскуча-вытанчанай купе прыдворных, адчуў, што ў яго сутаргай сьціснула горла. Дзяўчыну, якую зараз аддадуць у ахвяру Перуну, клікалі Векшай. Яна расла на суседняй з ім вуліцы, дзе жылі майстры, што абслугоўвалі вялікакняскі замак і багатае баярства Вільні. Ня раз яна прыносіла да ягонай маці, баярыні Людміліцы, сярэбраныя бранзалеты, колты і пярсьцёнкі, якія вырабляў ейны бацька, знаны залатых справаў штукар. Даўганогае, як бацянок, няўклюднае дзяўчо толькі ў апошнія два гады раптам акруглілася, заружавела маладым, прыгожым кветам, і вечна ўскудлачаныя ейныя валасы, таксама неяк раптоўна, зазьзялі колерам бледнага золата, а вочы сталі сінімі і глыбокімі. Ён часам думаў пра яе, калі маці, ласкава пасьміхаючыся, нагадвала, што хутка два ейныя сыны, як буслы ў вырай, адляцяць да іншых жанчын — такі закон жыцьця. Але думаў мімаходзь, бо хапала пры княскім двары і прыдворных дзяўчат, за кожнай з якіх стаяла багатая і магутная радня, і жанчын, якія згодныя былі падарыць мімалётную радасьць прыгажуну Кумцу. Віленскі Горні замак ужо досыць даўно зрабіўся для яго месцам, дзе нямала куткоў было абазначана кароткімі, але надта салодкімі прыгодамі: то ў пустой параднай зале, за шэра-зялёнай тканаю шпалерай, то ў ваеннай вежы, дзе гулка аддаюцца крокі вартавога, які, атрымаўшы ў руку талер, адварочваецца і глядзіць удалячынь, нібы не заўважаючы пару, якая юрліва сьлізгае ў памяшканьне…

Цяпер жа, калі Векша назаўсёды адыходзіла ў Ірый, улагоджваючы багоў, ён адчуваў сябе абакрадзеным. Ніколі, ніколі не дакранецца ён да гэтых залатых валасоў, не абдыме тонкі стан, і рука ягоная не памацае грудзі, што высока ўздымаюцца пры кожным сутаргавым выдыху. Вочы Векшы раптам спыніліся на ім, яна, здаецца, пазнала яго, а можа, проста выдзеліла ягоны твар між чэлядзі, што абкружала князя Альгерда. Мабыць, нечым ён вызначаўся сярод іхніх вышытых золатам і серабром каптанаў, гладка голеных маладых і старых твараў. Ды не, наўрад ці яна пазнала яго здаля, толькі, можа, у сваім перадсьмяротным быцьці проста адчула нейкую спагаду ў твары высокага гожага хлопца: твар яе пакрывіўся, яна хацела нешта сказаць, але ў гэтую хвіліну нож з сілай ударыў у ейныя грудзі, і яна, спалохана выпрастаўшыся, тут жа абвяла, апала на вяроўкі, якімі была прывязаная да ног Перуна. Ногі божышча тут жа афарбавала ў густую чырвань кроў…