Читать «Апошнія ахвяры сьвяшчэннага дуба (повесть)» онлайн - страница 113

Ольга Михайловна Ипатова

Тым часам, невядома адкуль выйшаўшы, як вынырнуўшы з Вяльлі, да яго падышоў Нестар. Яму забаронена было сюды прыходзіць, яго перад самым пачаткам пакараньня ўжо двойчы не дапускала нават да першых дубоў гаю папярэджаная загадзя варта, ды духоўніку княгіні і пастыру віленскіх хрысьціянаў удалося пераадолець усе перашкоды. Момант для зьяўленьня быў выбраны ўдалы: уся ўвага перакінулася з сёстраў на асуджаных. Жрацы разам ускочылі. Бурыла памкнуўся паклікаць варту, але вялікі князь уладна падняў руку, і ўсё сьціхла, як перад вялікай навальніцай. Людзі глядзелі цяпер толькі на Нестара.

У гэты час, час найгоршага яго прыніжэньня перад усім Княствам і болю за любых яму людзей, сьвятар нібы састарэў на некалькі гадоў. Ішоў, як цягнучы ногі, нібыта яны былі перабітыя ў яго, а не ў Кумца. Рыза ягоная загнулася, з-пад яе бачныя былі белыя порты, а ў руцэ дробна дрыжэў завялікі для яго слабых і старых ужо рук крыж. Аднак з кожным крокам у яго нібыта прыбывала сіл. Ён бачыў асуджаных, бачыў іхні спакой і мужнасьць, і гэтая мужнасьць перадавалася і яму.

— Прэч хрысьціяніна! — пачуўся голас вешчага старца Капца.

— Прэч! — загудзеў натоўп, падаўшыся наперад, да Нестара.

Яшчэ імгненьне — і ён быў бы парваны на шматкі, скрываўлены ў невыразнае месіва. Ды тут, нібы ажылі дрэвы, з усіх бакоў выступілі з-за дубоў воі Альгерда з выстаўленымі наперад дзідамі, і натоўп адхіснуўся. Жрацы ўзьнялі крык, але воі роўна і зладжана адрэзалі іх ад людства, стаўшы за іхнімі сьпінамі, а іншыя хутка абкружылі натоўп.

Ізноў стала ціха. Жрацы вымушаныя былі сесьці.

Браты пацалавалі крыж, прынялі апошняе блаславеньне свайго нямоглага пастыра. І толькі тады Бурыла змог прачытаць прысуд. Ён зьдзівіў усіх, а Няжылу ашаламіў: яго не павесяць разам з братам, калі ён зноў адрачэцца ад хрысьціянства, ён можа застацца жыць! У гэтую хвіліну хлопец адчуў тое, аб чым ведаў, але неяк не задумваўся — мукі Юды, здрайцы, якому ў апошнюю хвіліну адкрылася ўся бездань адзіноты і граху… Ён упаў на калені перад братам, абняў яго, закрычаў:

— Я… Я не адракаюся! Я памру таксама! Я ня здраджу табе, ты верыш? Ты верыш?!

І, гледзячы на яго зьверху, Кумец адказаў ціха:

— Мы хутка сустрэнемся з табой. Я люблю цябе, брат. Ты заўсёды быў для мяне самым блізкім чалавекам на Зямлі. Я верыў табе нават тады…

І крыкнуў гучна, так, што голас яго рэхам пракаціўся па сьвяшчэнным гаі:

— Сьмерці няма! Мы будзем разам у Вечнасьці! У Хрысьце!!!

Служкі пры сьвяшчэнным Перуновым гаі кінуліся да іх, расьцягнулі ў розныя бакі і паспрабавалі накінуць на Кумца мяшок, каб закрыць яму рот і вочы. Але ўжо з нечалавечай сілай ён адкінуў іх і сам, на сваіх скалечаных нагах, пайшоў да пятлі. Сонца скрозь прагаліну ў галінах ахінула яго праменьнямі, і ўсім здалося, што хлопец сам стаў сонцам і зазьзяў. Натоўп упаў на калені, хтосьці загаласіў.