Читать «Апошнія ахвяры сьвяшчэннага дуба (повесть)» онлайн - страница 112

Ольга Михайловна Ипатова

Гэтыя дзьве жанчыны, самыя вядомыя ў Вільні, атаясамлівалі яе прыгажосьць, багацьце і славу. І натоўп любаваўся імі, асабліва ж углядаючыся ў маладую і, як лілея, пяшчотна-ўзьнёслую Дзівейну, ацэньваючы яе і амаль несучы на крылах захапленьня да яго — вялікага князя, гаспадара, воя.

І Кумец, які стаяў ля дуба і на якога разам з братам усе на кароткае імгненьне нібыта забыліся, ацаніў задуму вялікай жрыцы, якая па-майстэрску выплеснула на вялікага князя тое захапленьне, якое непазбежна павінны былі выклікаць у вільнян і яна, і ейная сястра. Пачуцьцё тое ўзрастала ў процівагу Сьмерці, страшнай Мары-Марэны, якая лунала над усім тут і абвастрала пачуцьці, а значыць, таксама павінна была паслужыць планам Нары. І калі яна нарэшце разам з сястрой села — не наверсе, а ўнізе, пад Альгердам, на лаву, што стаяла на зямлі, сьмяротнік убачыў наяве: гэта таксама прадумана загадзя, каб нават сьмерць яго паслужыла ейным планам.

Іхнія вочы сустрэліся. І ў гэтым усьмешлівым, але вострым, як лязо паглядзе Кумец таксама прачытаў сьмерць і перамогу.

Але перамогі ў яе не было. І ня будзе. Бо за ёю няпраўда, нянавісьць і насільле над суразмернасьцю і ладам, які даў людзям Усявышні, і чые законы яны скажаюць. І як жа хочацца спадзявацца, што можа якраз ён сваім жыцьцём, дакладней, сьмерцю, перапаліць іхнія чорныя грахі, каб ня мучылі яны людзей, ня клаліся чорным воблакам на іхнія думкі і справы і не атручвалі іх непрыкметна дзень за днём! І раптам ён здрыгануўся, захлынуўшыся ці то веснавым ветрам, ці то болем і радасьцю адначасна.

Ён угледзеў Уну. У шэрым каўтрышовым плашчы, у мехавым мужчынскім каўпаку, з-пад якога русымі пасмамі падалі яе падрэзаныя, як у хлопцаў-падлеткаў, валасы, яна неадрыўна глядзела на яго, і столькі любасьці, адданасьці і сьвятла было ў яе вачах, што, здавалася, яно ахінае ўвесь гэты натоўп, дзе разам сабраліся і цікаўнасьць, і страх, і надзея, і, адначасна нянавісьць да таго, што нясуць яны з сабою — новай веры, новага погляду на сьвет.

Яна вярнулася, рызыкуючы сваім жыцьцём, яна прыйшла сюды, дзе яе могуць убачыць, схапіць і таксама павесіць на гэтым жа дубе па падвойным абвінавачаньні: як парушальніцу забароны для жанчын і як злачынцу, якую шукаюць князевы слугі за тое, што ня выканала ягоны загад і не пайшла ў храм Перуна!

Любасьць да яе — тая вышэйшая любасьць мужчыны да жанчыны, у якой няма нічога зямнога, а толькі спалучэньне родных душаў і сэрцаў — ахапіла яго, ды ён пасьпешліва адвёў вочы — не навесьці б на яе падазрэньня, не зьвярнуць увагу катаў! Ён пашукаў вачыма брата Уны Кругляца (а раптам вырваўся хаця б на гэты час з-пад арышту?), але ня ўбачыў яго і пашкадаваў, што ня ўдасца разьвітацца з гэтым дарагім для яго чалавекам. А можа, яго ўжо схапілі і затачылі ў замкавую цямніцу?