Читать «Апошнія ахвяры сьвяшчэннага дуба (повесть)» онлайн - страница 115

Ольга Михайловна Ипатова

Не напісаў таксама і таго, што пасьля пакараньня брата немаведама куды зьнікла маладая сястра Яўстафія (Астапа), якая была зьбегла ў Нямеччыну і затым разам з братам, як казалі, вярнулася ў Вільню. Хадзілі чуткі, што жрацы шукалі яе ледзь ня болей, чым самога сына пасла Леся. Але схоплены імі Яўстафій ня выдаў, дзе знаходзіцца ягоная сястра, і таму катаваньні прыняў незвычайныя: яму адрэзалі нос і скалечылі так, што да віселіцы дайсьці сам ён ня мог. І ўсё ж пасьля, цудам божым, падняўся на ногі і тым даў незвычайную моц духу яму, Нестару. Ідучы да пакутніка на прычасьце і сабараваньне, чакаў ён сьмерці, аднак натоўп плакаў горкімі сьлязьмі ад жаласьці да маладога і прыгожага отрака, што сам дабраахвотна прымаў сьмерць, і толькі некаторыя крычалі з нянавісьцю да хрысьціян. І не было ўжо на тым пакараньні ні Альгерда, ні вярхоўных жрацоў…

І яшчэ аб адной падзеі не напісаў сьвятар, якога Вечнасьць назаўсёды прыкавала да трох маладых баяраў, што сталі вядомыя як Віленскія пакутнікі. Падзея гэтая адбылася тады, калі і ён лёг побач з княгіняй Марыяй у прыдзеле пабудаванай ім царквы: князь Альгерд нарэшце змог расправіцца з язычніцкімі жрацамі, што сваёй воляй учынілі забойства замежных купцоў-хрысьціян заходняга абраду. Тады была схопленыя і сьцятыя горлам Бурыла і Нара, а Дзівейна ўцякла з Вільні і навекі зьнікла ў наваградскіх лясах, — хадзілі чуткі, што яна жыла ў сьвяцілішчы братоў-блізьнятаў Ашвінаў.

Гэтая падзея страсянула ўсё Княства і нарэшце пераламіла валадарства жрацоў: па загадзе князя быў сьсечаны сьвяшчэнны Дуб, і ніхто, апроч купкі служкаў, не прыйшоў яго бараніць, хаця плачу і стогнаў было ў Вільні нямала. А яшчэ праз стагоддзе на месцы Дуба стаяла царква Сьвятой Тройцы — у памяць аб трох першых пакутніках за новую веру.

Яшчэ праз шэсьць стагоддзяў да гэтае царквы, у цэнтры сталіцы краю, прыходзілі вучыцца ў сваю гімназію нашчадкі тых старажытных крывічоў, што некалі плакалі тут, гледзячы на пакуты трох новаахрышчаных отракаў, а пасьля самі, пад наступам часу, прынялі крыж. І сама вуліца гэтая, названая Вострабрамскай, стала падобнаю да крыжа: у галаве яго — Герб Пагоня на старажытнай браме, у сэрцы — ікона Божай маці, прывезеная Альгердам з Корсуні, па адзін бок — Сьвята-Духаў манастыр, дзе ляжаць нятленныя мошчы отракаў, па другі — Базыльянскія муры, дзе і пасюль стаіць на месцы сьсечанага дуба Траецкая царква. А вуліца ідзе ўніз, выцягваецца ажно да даліны Сьвятарога, дзе пад брукам ляжыць попел як балцкіх, так і славянскіх прашчураў-князёў, што тут тысячагоддзі назад жылі і валадарылі…

Примечания

1

Горні, альбо Верхні, замак — той, што стаіць на т. зв. Гедзімінавай гары і пасёньня зьяўляецца сімвалам Вільні.

2

Сталец — у значэньні вялікакняскі трон.