Читать «Апошнія ахвяры сьвяшчэннага дуба (повесть)» онлайн - страница 104

Ольга Михайловна Ипатова

— Няўжо ты ня хочаш, каб твая сястра стала вялікай княгіняй?! — роў Бурыла ў шаленстве. Але тая ўперлася, як наравістая цёлка:

— Альгерд усё роўна ажэніцца з ёю, я бачыла, як падзейнічалі на яго чары. А сьмерць Кумца і ягонага брата стане нашай канчатковай перамогай!

А пасьля, не ўступіўшы ні на каліва, яна прамурлыкала, расьцягваючы словы і ўсьміхаючыся сваёй чароўнай усьмешкай, за якой (ён добра ведаў гэта) стаялі чыясьці сьмерць і прыніжэньне:

— А ты сам, вялікі жрэц, не баішся страціць сваю высокую пасаду?!

— Што?! — захлынуўся той ад абурэньня і гневу. — Гэта ты кажаш МНЕ?

— А ты палічы сам, хто цябе падтрымае, калі я адхілюся ад цябе хоць на шчопаць?

Бурыла імгненна пралічваў: яму абавязкова будуць процістаяць ня толькі Лойка як жрэц галоўнага ў Вільні сьвяцілішча і тры з сямі вешчых старцаў, але і жрацы Мокашы, а таксама яшчэ галава сьвяцілішча Сьвятарога і трох балцкіх капішчаў, даволі ўплывовых у Вільні. Бурыла быў сам у тым вінаваты: некалькі апошніх гадоў менавіта ягоныя прапановы пераважалі над іншымі, і незадаволеныя тым жрацы, па ягоных зьвестках, гатовыя былі нарэшце даць адпор. Да таго ж у балтаў былі і свае намеры наконт вялікай княгіні — і яны не зьбіраліся на гэты раз саступаць вярхоўнаму жрацу Перуна.

І яго грызла шалёная злосьць: так паверыў у сваю ўладу над Нарай, так неабачліва згадзіўся на ўзвышэньне гэтай дзеўкі Дзівейны! Ды назад, як той рак у Вяльлі, не папрэшся. Замнога намаганьняў і інтрыг укладзена ў справу. Але Дзівейна — гэта перш за ўсё тая ж Нара! І, неймаверным намаганьнем скарыўшы свае пачуцьці, доўга ўводзіў ёй у вушы, што пакуль што варта патрабаваць ад Альгерда толькі аднаго — новай жаніцьбы. Трэба на яго націскаць усёй радай жрацоў, іх аднадушным рашэньнем, супраць якога вялікі князь хутчэй за ўсе ня пойдзе. А вырываць ад яго зараз яшчэ і згоду на недкладную сьмерць Кумца і Няжылы — значыць даць у рукі гаспадара той козыр, які хітры і вывертлівы вялікі князь абавязкова выкарыстае.

Так яно, зрэшты, і адбылося. Альгерд, як адчуўшы ўсе гэтыя мітрэнгі (а можа, і добра ведаючы іх), ставіў неадменную ўмову: альбо пакараньне, альбо вясельле. Пры тым нібыта шчыра сьведчыў гатоўнасьць быць разам са жрацамі, ды і яны ж павінны пайсьці насустрач!

— Мне трэба лічыцца і з папам, і з суседзямі, якія ўсе спрэс хрысьціянскія краіны, і таму… таму я згодны пакуль што ў першым: мы пакараем гэтага… прапаведніка. Да канца жалобнага па Марыі году яшчэ ёсьць час. А зараза, аб якой вы, жрацы, мне штодзень гаворыце, сапраўды існуе. Яе трэба выпальваць…

Бурыла нутром адчуваў: вялікі князь, згаджаючыся з імі ў адным, тым аддаляў іншае рашэньне, бо яно магло падарваць давер да яго Папы і Цьверы. А між тым час працуе на вялікага князя, умацоўвае ягоныя пазіцыі ў Вільні. І праз тыя паўгода, якія засталіся да сканчэньня жалобнага тэрміну па княгіні, ён прыдумае нешта іншае. І — зноў вывернецца. Але што рабіць?