Читать «Апошнія ахвяры сьвяшчэннага дуба (повесть)» онлайн - страница 106

Ольга Михайловна Ипатова

Сівы лірнік сядзеў ля печы ў куце. Печ, з яе полымі трубкамі-кафлямі, падобная да вялізнага вожыка, дыхала цяплом, і лірніку было ўтульна ля яе, таму яго пальцы борзда перабіралі струны, а надтрэснуты, ды яшчэ моцны голас запаўняў залу.

Сьпяваў ён пра маладую дзяўчыну, што свой вяночак кінула ў Дунай, і, стараючыся яго злавіць, патануў малады вой, які вяртаўся дадому да маці і бацькі. Доўгая гэтая балада заканчвалася словамі, якімі хлопец перад сьмерцю гаварыў з канём:

Бяжы ж ты, косю, бітай дарогай, К таму сялу, к татульку майму. Не кажы, косю, што я ўтапіўся, А кажы, косю, што я ажаніўся. Мае дружкі — круты беражкі, Мая сваціца — рыба-плаціца…

Яго амаль ня слухалі. Толькі вялікі князь час ад часу адварочваўся ад ваяводы, які бесьперастанна штосьці яму казаў, і глядзеў на лірніка, ды пасол з Чэхіі ўважліва сачыў за гнуткімі пальцамі музыкі.

— А што з вашымі братамі-хрысьціянамі? — запытаўся папскі нунцый у кашталяна Гаштольда, асьцярожна беручы з тарэлы кавалак белага птушынага мяса.

— Жывыя яны яшчэ? Ці olla male fervet?

Кашталян у моманты, калі пры ім гаварылі на лаціне, якую так і не адолеў за школьныя гады, пачуваў сябе разьюшаным. Але ён стрымаўся, адказаў зычліва, ды ўсё ж з ледзь прыкметнымі ноткамі зласьлівасьці:

— Абодва жывыя. Але старэйшы адрокся ад вашага бога, і літасьцівы князь дараваў яму адступніцтва. Ды вунь ён, нясе да цьверычоў бочачку з грэчаскім віном. Бач, як стараецца! Больш за слуг працуе!

Нунцый уважліва ўгледзеўся ў твар падстольнічага, які, напружваючыся, нёс на плячы карычнева-шэрую бочку, у якой пялёхкалася духмяная густая вадкасьць. Ён акуратна паставіў яе на стол, лоўка выбіў корак і стаў разьліваць па брэцьяніцах цёмна-барвовы напой. Промень сонца на момант супыніўся ў срэбнай брэцьяніцы, зайчыкамі зайграў на скуластым голеным твары маладога хлопца, дзе вопытны італьянец яскрава ўбачыў сьляды бяссоных начэй і пакутлівага роздуму. Тужлівыя шэрыя вочы пазіралі на гасьцей, і было бачна, што думкамі той далёка адсюль, і што ўвесь тлум, крыкі вітаньняў і гоман гасьцей цяжкія для яго.

— Гэта твар хрысьціяніна, — цьвёрда сказаў нунцый хутчэй сабе, чым субяседніку, але ваявода пачуў яго:

— Усё роўна спажывы для цябе, сьвяты ойча, ня будзе: яго хрысьціў Нестар, а вера яго, як вядома, грэчаская. І думаю, што не захоча Няжыла вяртацца ў цямніцу. Ён паразумнеў…

— Is feliciter sapit, qui perikulo alieno sapit. І яшчэ: хаця ты і прыхільнік вашых багоў, аднак хачу, каб ты ведаў, ваявода: яшчэ тры з паловай стагоддзі таму нашая вера была адзінай. І Хрыстос таксама адзін.

— Пра гэта ты мне не кажы, ойча. Не хачу і слухаць пра вашыя справы. Мне люба выкрасаць купальскі агонь і танчыць у скоках… Ось, добра, што я ўзгадаў пра скокі — нешта тут мала весялосьці!

І ваявода ўскочыў, загрымеўшы на ўсю залу:

— Ці дазваляеш, вялікі князь, проса пасеяць?

— О! Проса, проса сеяць! — разьнеслася вакол, і, калі Альгерд згодна кіўнуў галавой, мужчыны паўставалі з лаваў і, выбіраючы сабе хаўрусьніц, хутка наладзілі дзьве шарэнгі, што паўсталі адна супраць другой.