Читать «Апошнія ахвяры сьвяшчэннага дуба (повесть)» онлайн - страница 102

Ольга Михайловна Ипатова

— Хрысьціяне адмаўляюць само жыцьцё! Самы вялікі і страшны іхні грэх у гэтым адмаўленьні! Калі ўсе стануць жыць як манахі — што застанецца ад людзей? Хто будзе ўзносіць маленьні, калі перавядзецца ўвесь чалавечы род?

— А ён і так вось-вось перавядзецца. Чарната апаноўвае сьвет. Мы ідзём ня шляхам праўды, дабрыні і спагады, а нянавісьці, хцівасьці і зайздрасьці. Людзям няма выратаваньня, апроч як прыняць закон ахвярнасьці, што даў нам праз Хрыста Усявышні. Усяго дзесяць законаў! Яны такія простыя — і такія неверагодна цяжкія! А што прапануе сёньня язычніцтва?

— Ты кажаш — сёньня. Так, сёньня і язычніцтва ўжо не дасканалае. Але і ў ім жыве спагада, і галоўнае — у ім радасьць жыцьця, паўната чалавечага існаваньня і пакланеньне прыгажосьці прыроды!

Яны сядзелі на гнілой саломе, гаварылі і спрачаліся. Нясьмелы прамень яшчэ неакрэплага сонца паволі поўз па сьцяне, і Лойка зноў адчуваў бездапаможнасьць — тую самую, з якою ён думаў пра будучае, пра жрэчаства, якое пакуль што вяло народ па духоўнай сьцяжыне, але непазбежна павінна было страціць уладу і магутнасьць, таму што даўно страціла глыбінную чысьціню сапраўдных ведаў і сувязі з Небам. Ён ведаў, што скажэньне ісьцін, дадзеных некалі сёньняшняй расе чалавецтва, даўно перасягнула ўсе межы, але бачыў, што і новае вучэньне, дадзенае людзям трынаццаць стагоддзяў таму, ужо таксама абрасло скажэньнямі, разьдзялілася на дзьве вялікія галіны, што варагуюць паміж сабой. Вось і крыжакі лезьлі на зямлю Княства, даказваючы, што тут жывуць ня толькі язычнікі, але і несапраўдныя хрысьціяне, якіх таксама трэба перахрышчваць. Дзе ратаваньне?

І яму цяпер хацелася выратаваць хоць гэтага — чыстага і наіўнага ў сваёй новай веры хлопца. Ён бачыў і адчуваў яго. У ім было сьвятло, была сіла любові і гарачага перакананьня ў сваёй праўдзе. І гэта было самае галоўнае. Толькі гэта і магло ўратаваць сьвет. І жрэц шкадаваў, што ад язычніцтва адышлі і гэтае сьвятло, і гэтая любоў, бо ён, Лойка, не адчуваў такога ні ў кім, з кім сустракаўся штодня на набажэнствах, углядаючыся найбольш у маладых.

— Бачу, гэта непазбежна: цябе павесяць на сьвяшчэнным дубе, — сумна сказаў ён у канцы пятай гадзіны іхніх гарачых спрэчак. — На вялікай радзе я ня змог цябе абараніць, ды гэта і не дало ніякіх вынікаў. Цябе магла б уратаваць хіба Нара альбо ейная сястра Дзівейна. Не для захаваньня твайго жыцьця, не! А хаця б дзеля таго, каб не азмрочваць вясельля нашага гаспадара. Але Нара чамусьці асабліва ненавідзіць цябе. З-за гэтай нянавісьці, мабыць, зламала лёс і твайму брату. Ды і вясельле вялікага князя пакуль што ня надта зладжваецца…

Кумец здагадвўся, у чым прычына таго, што вялікая жрыца прысьпешвала з ягоным пакараньнем і сачыла за кожным крокам Няжылы, які атрымаў свабоду. І ён шкадаваў яе, як і ўсіх, хто загнаў свой бесьсьмяротны дух у твань зайздрасьці і помсты, хто ненавідзеў бліжняга і прагнуў сьмерці. Цяпер ён ведаў, што нішто не заканчваецца са сьмерцю, а наадварот — толькі пачынаецца: заблытваюцца ніты лёсаў, зацягваюцца вузлы будучых сутыкненьняў.