Читать «Анталёгія сучаснага беларускага мысьленьня» онлайн - страница 65

Невядомы

Калі першасным ёсць існаванне чалавека, дык у яго няма іншага кірунку, акрамя як да паляпшэння. Існаванне кожнага — абсалютная вартасць, вытворная ад яе — існаванне ўсіх. Не наадварот.

Вытокі гэткага светапогляду знаходзім і ў практыцы сярэднявечнае Беларусі. Рацыянальная логіка, выбар аптымальнага, здаровы сэнс… Ці не гэта, між іншага,— прычына нашага заняпаду? Магчыма, у свеце, які жыў тады адно эмоцыямі, лепш было і нам стаць шаманамі, каб вырваць свой і большы кавалак. Але… Не было ў нас сваіх Хамейні, Гітлераў ці іншых аб’ектаў масавага нацыянальна-рэлігійнага псіхозу. Чаму? Бо не было “наседжанага месца” — нацыянальна-рэлігійнага фундаменту, эмацыйнага падмурку жыцця. Мы і набылі нешта падобнае толькі пры сацыялізме, калі па нацыянальнасці сталі савецкім народам, а па рэлігіі — марксістамі-ленінцамі, калі пачалі страчваць сваё ratio, а разам з ім — і галоўныя характарыстыкі нацыі — адзінства мовы, паходжання…

Сёння сустракаецца думка, што беларусам трэба ад савецкага фундаменталізму перайсці да нацыянальна-рэлігійнага. Гэтая думка падказаная тым, як ідзе адраджэнне ў суседзяў — у расейцаў, палякаў, літоўцаў, украінцаў. Але гэтак мы рызыкуем і зусім страціць УЛАСНУЮ традыцыю нацыянальнага рацыяналізму. У рацыянальным ужо свеце...

Вядома, у чыстым выглядзе не існуе ні рацыянальнага, ні эмацыйнага свету. Гэта вызначаецца выбарам падмурку, галоўнага стрыжня існавання грамадства. Месца ratio ў эмацыйным свеце — эмацыйнае, а месца эмоцый у рацыянальным свеце — рацыянальнае. У рацыянальным свеце немагчымая сітуацыя Сотнікава і Рыбака, калі рацыянальнае дзеянне прыводзіць да абсурднага выніку (Рыбак), а ірацыянальнае — да станоўчага (Сотнікаў), калі чалавечае жыццё робіцца менавай манетай у ідэалагічным гандлі.

У цяперашнім усё больш рацыянальным свеце ўсё больш рацыянальна ўспрымаюцца такія рэчы, як маральнасць, права на моцнае пачуццё і падобнае. Глядзіце, як эвалюцыянуе погляд грамадства на вобраз сярэднявечнага дзівака Дон-Кіхота, учынкі якога здаюцца нам усё больш аптымальнымі ў дзікім, ірацыянальным ягоным атачэнні.

Трэба цягнуць Беларускі Шлях па рацыянальным грунце. Гэтак мы пазбегнем многіх традыцыйных для нас небяспек.

Першая такая небяспека — суседскія шавінізмы, якія ўсё больш рашуча ідуць з намі “братацца”. Напрыклад, расейскае славянафільства, чыста эмацыйная з’ява, заснаваная на алагізме ўсходнеславянскага адзінства. Наш рацыянальны нацыяналізм — з іншай “разьбой”, каб на яго можна было накруціць гэтую гайку. На кожны факт “адзінства” на нашым шляху — дзесяткі фактаў чужбы. І гэта не для чужбы гаворыцца, а дзеля праўды.