Читать «Анталёгія сучаснага беларускага мысьленьня» онлайн - страница 67

Невядомы

НА ЖАЛЬ, многія й цяпер глядзяць на нацыянальнае, як на “вал”. Беларуская справа нагадвае працу нашых археолагаў, якія награбаюць цэлыя сховы чарапкоў, але рэдка ўздымаюцца да самастойнай парадаксальнай высновы. Усё гэта мае дагэтуль пераважна канстатацыйны, рэгістратарскі характар.

Плодзяцца таварыствы, выданні, мерапрыемствы, але ўсё — да кучы. Абы болей было тае беларушчыны. Можа, колькасць перарасце ў якасць?.. Куча ўсё расце, але ніяк не назавеш яе Домам, які мы прадумана і скаардынавана, з дапамогай складаных прыстасаванняў будуем сабе і сваёй нацыі. Мы і самі не жывём у гэтай кучы, кожны дзень вяртаючыся з “будаўніцтва” ў іншае асяроддзе, і часта — іншымі людзьмі.

Каб пачаць будоўлю прафесійна, трэба зрабіць замеры, дакладна вызначыць, дзе і чым капаць, чым і з чаго будаваць. Мы ж пакуль “будуем увогуле”.

Ratio патрабуе для пачатку прызнаць, што ёсць тое, што ёсць, а чаго няма… Няма такой развітай культурнай нацыі — беларускай. Няма аніякіх падставаў супакоіцца на “пачэсным пасадзе між народамі”. Гэта ілюзія — мысліць беларусаў у адным шэрагу з немцамі, рускімі, нават з летувісамі — у адным кантэксце культурных і навуковых задач. Нас толькі тысяча. Гэта толькі зародак нацыі, але ўжо не нішто. Пра “гіне мова” можна было крычаць гадоў 10 таму, калі нас амаль не было ўвогуле. Сёння мы даўно паўтараемся ў сваім эмацыйным галёканні. Мы падсведама ўсё яшчэ спадзяёмся на нейкую метафізічную сілу, што існуе ў прыродзе беларушчыны незалежна ад волі кожнага з нас. Мы верым у вышэйшую справядлівасць. Мы верым, што трэба толькі памнажаць, а ўжо нейкія патаемныя законы развіцця самі спарадкуюць з кучаў нашага плёну прыгожы палац. Мы часам і разумеем мазгамі, што нічога не зробіцца само. Ды толькі даўгія гады бальшавіцкага пострамантызму навучылі нас менш давяраць уласным мазгам, а больш — рэчам, розуму недасягальным. Самое паняцце суб’ектыўны стала тоесным паняццю ірацыянальны (“У гэтым артыкуле аўтар занадта суб’ектыўны!”). Бо ўсё вялікае і малое, добрае і благое ў гэтай краіне рабілася само. Тыран змяніў манарха, які замяніў Бога. Зруйнавалі веру ў Бога — паверылі ў камунізм, цяпер руйнуецца вера ў камунізм — зноў пачынае культывавацца вера ў Бога. Ды калі ж нашыя душы перастануць залежаць ад вонкавых дактрын? Ці не тады, калі асабістай суб’ектыўнай дактрынай кожнага стане перад усім чалавечнасць у беларускім абліччы, наш нацыяналізм?

Бог, рэлігія, канфесіі. Ужо праваслаўныя сварацца з уніятамі, каталіцызм наскрозь прасякнуты пальшчызнай, праваслаўе, паводле мітрапаліта Філарэта (у “Нашым слове”), яшчэ толькі экзаменуе беларускую мову на сталасць. РАСЕЙСКАЕ — падкрэслю — праваслаўе экзаменуе БЕЛАРУСКУЮ мову. Гэтаксама, як у школьных падручніках Іван Фёдараў дагэтуль “экзаменуе” Францішка Скарыну.