Читать «Анталёгія сучаснага беларускага мысьленьня» онлайн - страница 63
Невядомы
Перад нашымі вачыма за ўсю нашу гісторыю прайшоў цэлы калейдаскоп дактрынаў, за кожнай з якіх стаялі свае аўтарытэты і святыні. Пастаўлены ў такія ўмовы чалавек (і нацыя) перастае пакладацца на вонкавыя апірышчы і пакладаецца адно на сябе. Магчыма, не выпадковае будзе супастаўленне дзвюх думак Ф.Дастаеўскага, які ў адным месцы піша пра выратаванне рускага народу праз веру ў Хрыста, а ў іншым месцы — пра выратаванне беларускага народу праз веру ў сябе. Нам толькі і заставалася верыць у сябе — свае рукі і свой розум. Іншыя народы спазналі гэта з урбанізацыяй. Мы — тады, калі адна ўлада запісвала нас палякамі, другая — расейцамі, калі то адбіралі, то давалі зямлю, калі мы пераходзілі з праваслаўных ва ўніяты, з уніятаў — у каталікі, з каталікоў — у бязбожнікі, калі, нарэшце, выснавалі ўласны талерантны, г.зн. аптымальны погляд на ўсе праявы жыцця.
Гэта не значыць, што трэба скідаць з рахункаў урбанізацыю. Наадварот. У горадзе змяняецца фундаментальнае духовае апірышча чалавека. У вёсцы самым цвёрдым і непарушным арыенцірам у свеце, пунктам адліку, адносна якога чалавек мог вывяраць уласныя думкі ды ўчынкі, была зямля, цвердзь. Але праз цывілізацыю зямля стала заложніцай чалавека, і мы ўжо называем яе крохкай. Адзінае, што мы яшчэ не падпарадкавалі сабе, што застаецца абсалютна надзейным і непарушным цяпер,— гэта зорнае неба, сусвет, космас.
Зямля, маральнае апірышча селяніна (і ўсёй культуры этнаграфізму), у горадзе прападае пад асфальтам, пад паверхамі. Яе месца — эпізадычнае, дэкаратыўнае. Сусвет жа з таямніцы, з боскага паселішча, з міфа і казкі, чым ён быў для селяніна, для месціча ператвараецца ў рэальнасць. Штодзённую, штохвілінную. Суадносіны з ім праліваюць святло на нашае існаванне. І вось ужо многія нашы ўчынкі выглядаюць непатрэбнымі і абсурднымі, многія нашыя словы прымушаюць нас чырванець.
Але ж мы вельмі ясна бачым і свой рэальны плён, і тое, як яго памнажаць. У бязмежнай зале сусвету кожны наш самы дробны ўчынак мусіць быць адпаведным і дарэчным, кожнае наша слова павінна напаўняцца адпаведным сэнсам, кожная думка павінна быць яснаю і вольнаю…
Ці думаеце вы, ці адчуваеце прысутнасць сусвету, седзячы на партыйным сходзе? Ці разумееце кожную хвіліну, ДЗЕ вы знаходзіцеся, і наколькі ваш лёс звязаны з зоркамі і шляхам выпадковай каметы? Тут нават не пра ўсведамленне і разуменне гутарка. Сусвет мусіць стаць (і стане — да таго ідзе) самапачуваннем чалавека. Цяпер жа ён, чалавек, самапачуваецца ў лакальных рамках кватэры, цэху, побытавых клопатаў, пэўнае ідэалогіі і г.д. Ён не адчувае, не можа адчуваць сусвету, калі падманвае, калі прычыняе боль. Ён не звязвае рэальнасць сваіх учынкаў з рэальнасцю космасу. У лепшым выпадку ён гоніць ад сябе гэты арыенцір і пераконвае сябе ў ягонай недарэчнай містычнасці, фантастычнасці. Але чаму?
Ды таму, што рэальны сусвет — гэта страшная прорва. У шэрагу прыдуманых багоў і святыняў, якія тым і святыя, што яны — па-над усведамленнем чалавека, космас — маральны арыенцір, дадзены ў рэальнасці. Ён такі агромністы, што чалавек, які пазірае ў чорнае зорнае неба і які раптам зразумеў, што гэта такая ж рэальнасць, як хлеб на стале… палохаецца, адчуваючы сваю мізэрнасць і безабароннасць, нікчэмнасць сваіх сварак і спраў. Не запанікуе ў такой сітуацыі толькі той, хто адчувае ў сабе роўнавялікі сусвет. (Не запанікуе і нацыя, што пачуваецца роўнавялікім суб’ектам.) Гэта чалавек з развітай душой, выхаваны і адукаваны. Гэта носьбіт ПАТАЕМНАГА — нацыянальнай культуры. Ён верыць у сваю сілу, ён гаспадар гэтых традыцый, гэтай зямлі і гэтых дрэваў. Ён адказны за іх. Ён перастае быць прыдаткам і сляпым выканаўцам нечае волі, нейкіх міфаў, ідэалогій, партый. Ён — сусвет.