Читать «Анталёгія сучаснага беларускага мысьленьня» онлайн - страница 64

Невядомы

Вера ў сябе была ў адраджэнцаў нашаніўскае пары, якія пакладаліся адно на сябе і ні з кім не дзялілі адказнасці за свае ўчынкі. Яны не адваёўвалі і не патрабавалі беларускіх школ, парафіяў, тэатраў, друку. Яны рабілі ўсё гэта явачным парадкам. Гэта быў здаровы пачатак беларускага нацыяналізму.

Таталітарны савецкі пост-рамантызм выцесніў з нас гэту веру — веру ў асэнсаванае, усвядомленае, зразумелае. І не варта нам аддавацца ілюзіям наконт “беларусізацыі” 20-х гадоў. Гэта было перараджэнне нацыянальнай ідэі пад выглядам яе пашырэння і развіцця. Усё нацыянальнае, як і ўсё чалавечае, трапіла ў залежнасць, стала другасным адносна сацыяльнага міфу. Мы можам дзякаваць асобам адраджэнцаў, але не дзяржаўнай палітыцы, якая ніколі не была беларускай. І 17 верасня 1939 году таксама. Цешыцца тым, што мосьцы перапаў кавалак пад нагамі дыназаўраў, якія сышліся ў двубоі,— малая годнасць.

НЕ АД ГЭТАЙ “беларусізацыі” працягваць нам Беларускі Шлях. Ад “Нашае Нівы”. Апафеозам нашаніўскае пары сталася праца Ігната Абдзіраловіча “Адвечным шляхам”, якую даследчык У.Калеснік памылкова залічвае да рамантызму. За наступныя 70 гадоў беларуская ідэя ні на крок не пасунулася далей. І сёння эцюды І.Абдзіраловіча чытаюцца, як перадавы артыкул заўтрашняга нумару газеты.

Абдзіраловіч — рацыянальны нацыяналіст. Узгадайце некаторыя палажэнні: ніякіх святыняў і багоў-малохаў; дакладны баланс заходніх і ўсходніх уплываў на Беларусь; не створым свайго месіянізму і г.д. Нехта называе яго анархістам, нехта ўжо — экзістэнцыялістам. У чым тут загадка? Магчыма, у тым, што “Адвечным Шляхам” не трэба разглядаць як пэўную філасофскую дактрыну. Гэта кіраўніцтва да беларускага нацыяналізму і адначасова — твор на мяжы мастацтва. Евангелле Адраджэння.

Абдзіраловіч выснаваў рацыянальны погляд на жыццё, калі на Беларусі яшчэ рана было казаць пра урбанізацыю ў сферы духу і маралі. Сёння ж сутнасць гэтага погляду бачыцца так.

Усё адноснае ў свеце: і палітыка, і рэлігія, і філасофія, і нават мараль (калі гэта не ўся палітыка, не ўся рэлігія, філасофія і мараль). Безадноснае толькі існаванне чалавека.

Калі асноватворнымі ў грамадстве прызнаюцца палітычная дактрына, рэлігійны канон, філасофская тэорыя і пэўны маральны кодэкс,— тады ўжо існаванне аўтаматычна робіцца адносным — адносна дактрыны, канона, тэорыі, кодэксу. Тады дырэктуюцца ўмовы для чалавечага існавання, пры якіх яно можа быць лепшым ці горшым і ўвогуле — быць. Гэтак распараджаліся запанавалыя палітычныя дактрыны (калі, скажам, у імя захавання сацыялістычнага мацерыка можна было аддаць пад акупацыю цэлы народ), рэлігійны канон (гарэлі ерэтыкі), філасофская тэорыя (той жа камунізм), маральны кодэкс (калі секлі галовы за тое, што маеш бараду, ці разглядалі на працоўным калектыве за тое, што скасаваў шлюб)…