Читать «Анталёгія сучаснага беларускага мысьленьня» онлайн - страница 66
Невядомы
Адзінства гісторыі. Якая розніца, хто “па нацыянальнасці” кіеўскі князь Уладзімір? У маскоўскай школе яго могуць назваць рускім, у кіеўскай — украінцам. І ніхто тут ні ў кога не адбірае. Іншая справа, калі патрабаваць называць яго толькі рускім ці толькі ўкраінцам, улічваючы сучасны сэнс паняцця “рускі”… Што да нас, дык мы ніяк не можам лічыць Уладзіміра сваім, беларускім, а тым больш станоўчым гістарычным персанажам. Гэта цалкам знешні персанаж беларускай гісторыі і цалкам адмоўны, агрэсар. Тое самае засведчыць беларуская гісторыя і пра Івана Жахлівага, пра Аляксея Міхайлавіча (“тишайшего и добрейшего”), пра Пятра Першага, Суворава і г.д. Урэшце, ці не пра ўсіх маскоўскіх уладароў за ўсе часы. Дык ці можам мы казаць пра адзінства гісторыі?
Тое самае — з адзінствам рэлігіі (улічваючы нашыя каталіцтва і ўніяцтва), з адзінствам крыві, псіхікі і мовы. (Адносна крыві згадаем мурына Янку з Караткевічавых “Каласоў”. Наконт псіхікі раю пачытаць “Заметки о русском” Д.Ліхачова і знайсці там хоць каліва чаго беларускага. Мова “адзінілася” праз рэформу 1933 году — праз смерці і высылкі мовазнаўцаў, праз “спрашчэнне” азбукі, праз саветызацыю лексікі.)
Заўсёды даводзячы нам адзінства з сабою, расейскія славянафілы разглядалі Беларусь толькі як аб’ект гэтага адзінства і дбалі толькі пра ўласныя месіянскія інтарэсы. Урэшце (яшчэ адна падмена паняццяў), чаму мы то ўсходнія славяне разам з расейцамі, то заходнія разам з палякамі? Дзе ж тады ўласна славяне, цэнтральныя?
Беларускі ды расейскі нацыяналізмы ў сваёй “блізкасці” сёння бясконца далёкія, і аб’яднаць іх — маральнымі сродкамі на разумным грунце — немагчыма. (Тое ж, дарэчы, тычыцца і аб’яднання з польскім нацыяналізмам.) Каб прыняць такое адзінства, трэба ім ПРАСЯКНУЦЦА, неяк адстароніцца ад здаровага сэнсу, засляпіць вочы на ўсю сваю гісторыю. Што мы, дарэчы, і робім.
Славянафільская ідэя ніколі не прадукавалася з Беларусі. Прыклад Апанаса Філіповіча выключны. Зрэшты, у нас нават папы справядліва лічылі яго шаманам.
Паўтару: беларуская нацыянальная ідэя ў гісторыі выяўлялася рацыянальна. І, далібог, самазабойствам будзе, калі сёння, у сучасным лепшым рацыянальным свеце мы будзем адраджацца на грунце эмоцый, што, дарэчы, настойліва прапануюць нам расейскія славянафілы ад прыказчыкаў з “Памяці” (Как это так! Беларусь отдельно от России! Поляки и литовцы беларусам ТАКИЕ ЖЕ братья! Да как же это так!) да А.Салжаніцына ўключна. (Яму лёгка сказаць — няхай 12 рэспублік аддзяляюцца, а тры будуць разам. “Российский союз”. Але чаму гэта нам, беларусам, адкрыты кантакт з Расеяй даражэй за адкрыты кантакт з Летувай, Латвіяй, Польшчай — з Заходняй Еўропай? Гэта наша прыроднае, гістарычнае, культурнае асяроддзе, і абстаўляць новымі заслонамі свой кругагляд, перспектывы стасункаў і развіцця для нас сапраўды згубна як для нацыі.)
Праўда, адкінуць небяспеку звонку — гэта яшчэ не ўсё, і, можа быць, не галоўнае. Галоўнае ў сабе. За апошнія 10 гадоў мы, грунтуючыся на эмоцыях, мала чаго практычнага паклалі ў падмурак новае Беларусі. Дзесяткі гадоў беларускага друку, радыё, тэлебачання, канцэртаў, святаў, з’ездаў і сходаў,— а плён? Усіх, каго ведаю, хто за гэты час прыйшоў да нацыянальнае свядомасці, прывабіла не гэта. Што? Асабістыя стасункі і — дух пярэчання афіцыйнай “контррэфарматарскай” беларушчыне. Беларушчыне скамунізаванай і саветызаванай, у якой і не пахла рэнесансам, г.зн. Адраджэннем. Ліпець — вось яе прызначэнне. Як бы нам з такой беларушчынай не ператварыцца з часам у адзін з клубаў па інтарэсах...