Читать «Анталёгія сучаснага беларускага мысьленьня» онлайн - страница 62
Невядомы
Адыходзячы ад аматарства, мы адразу сутыкаемся з падменай паняццяў: патрыёт і нацыяналіст. За межамі камуністычнае ідэалогіі нацыяналізмам называюць нацыянальную свядомасць. Нацыяналіст — носьбіт гэтае свядомасці.
Прынцыповая памылка і свядомая падмена паняццяў тут у тым, што нацыяналізм — з’ява не універсальная. Магчыма, менавіта з-за гэтага ён мае столькі розначытанняў. Нават нацыяналізмы народаў-суседзяў (скажам, французаў, немцаў, шведаў) маюць больш адрознага, чым падобнага. Тыпалагізуюцца нацыяналізмы паводле іншых крытэрыяў, не паводле ўласна нацыянальнага — паводле экстрэмізму і чалавеканенавісніцтва альбо паводле пасіўнасці і адсутнасці. Праўда, для гэтых з’яваў ёсць і свае, ужо тыпалагічныя, назвы: шавінізм і, напрыклад, сацыялістычны інтэрнацыяналізм (гэтыя крайнасці, вядома, як і ўсялякія крайнасці, змыкаюцца). У гэтых нататках гутарка пойдзе пра беларускі нацыяналізм. Зразумела, што ў развітым выглядзе і ён некалі можа выявіцца ў скрайніх формах. Але гэта зусім не значыць, што яго не трэба развіваць. Хіба выхоўваючы ў дзіцяці сілу духу і дужасць цела, мы думаем пра тое, каб выгадаваць тырана і злачынцу? Мера — вось сінонім ratio ў гэтай справе. А нам да тае меры яшчэ ох як далёка!
Савецкая ідэалогія, ужываючы эмацыйны станоўчы тэрмін “патрыёт”, з “нацыяналіста” зрабіла тэрмін адмоўны і таксама эмацыйны. (Я ніколі не мог зразумець, чым нацыяналіст адрозніваецца ад шавініста. Адзінае, што было ясна,— што шавіністы бываюць у Польшчы і Расеі, а нацыяналісты — у Літве і на Украіне.) Між тым, гэтыя словы ўзятыя з розных сістэмаў вымярэння. Яны ніяк не могуць быць антонімамі. Патрыятызм у дачыненні да Зямлі, дзяржавы, гораду, цэху, дзе працуеш,— гэта ПАЧУЦЦЁ (эмоцыя) роднасці з Зямлёй, дзяржавай, горадам, цэхам. Нацыяналізм жа — гэта ЧЫННАСЦЬ (ratio) дзеля нацыі.
Патрыёт — характарыстыка чыста маральная. А маральнымі характарыстыкамі (сумленны, добры, працавіты і г.д.) ацэньваюць дзейнасць аматара, дылетанта ці прымітывіста. Нацыяналіст — характарыстыка прафесіянала. Патрыятызм не можа быць рацыянальны. Ён — рамантычны і псеўдарамантычны, ён заўсёды звязаны з місіяй, з пэўнай ідэалогіяй, з шаманствам. Таму — пра нацыяналізм.
ЧАС ЦЯПЕР ТАКІ, што трэба забыцца на слёзы гора і слёзы замілавання. Ідуць зусім аб’ектыўныя працэсы: слабога абкрадаюць ды разбураюць, слабы развальваецца сам.
Процістаяць гэтаму ўсяму можа толькі логіка, толькі здаровы сэнс, наш рацыянальны нацыяналізм, які дасць беларускай ідэі рэальнае эфектыўнае ўвасабленне і сілу духу. Нам трэба значна і хутка падужэць.
Асабіста я бачу нераскрытыя магчымасці беларускае ідэі ці (як слушна ўдакладняюць філосафы) Беларускага Шляху. І калі год таму я прыйшоў да рацыянальнага нацыяналізму ў звязку выключна з праблемамі урбанізацыі (горад — рацыянальны), дык гэтага году хапіла, каб зразумець, што прымат ratio ёсць старой уласцівасцю беларускага светапогляду.
Глядзіце. Нас, беларусаў, вечна зганялі з наседжаных месцаў. Мы так і не наседзелі сабе пэўнага месца — пэўнай рэлігіі, пэўнае дзяржаўнасці, пэўнае “пісанае маралі” (І.Абдзіраловіч).