Читать «Анталёгія сучаснага беларускага мысьленьня» онлайн - страница 61

Невядомы

Узнаўленьне поліфанічнае (татальнасьці) нашага творчага жыцьця, гістарычнага шляху, нацыянальна-духоўнае традыцыі наблізіць грамадзянскую й дзяржаўную ўстойлівасьць, духоўную легітымнасьць улады. Крыніца ўлады — Бог, а не народ. Народ мусіць пераадолець спакусу бязбожнага народаўладзьдзя, сытуацыю гістарычнага “блуднага сына”. Толькі тады ён стане Боганатхнёным, а ня дэман-кратычным народам.

Праваслаўная Канстытуцыйная Беларусь, якая паважае й гарантуе правы канфэсійных ды нацыянальных меншасьцяў, у Садружнасьці вольных Хрысьціянскіх народаў, адкрытая й для братоў-нехрысьціян — такі шлях Беларусі ў ІІІ тысячагодзьдзе Хрыстовае Эры.

1993 г. 

Эйдас — Падставы рацыянальнага нацыяналізму

10 гадоў таму слова “Адраджэнне” вымаўлялася ў прыватных гутарках шчыра і чыста, і соладка. Рамантычная мара, пазначаная імёнамі Каліноўскага, Багушэвіча, Караткевіча. Адраджэнне. Сёння яно ўжо часта вымаўляецца стомна альбо амаль істэрычна, а часам і з апатычнаю пагардай. Адраджэнне. (Гэтак з чалавекам, з гадамі. Чалавек, якога неслі ягоныя 15, 18, 20, раптам адчувае, што гэта ўжо ён нясе свае 25, 27, 30…) Поўны крызіс рамантычнага ўяўлення пра яго, поўны хаос у нацыянальным жыцці. Няўзгодненыя высілкі ў суме даюць нуль. Добрыя быццам намеры прыводзяць да чарговае паразы.

Дзесяць гадоў наша паспалітае рушанне блукае на адным і тым раздарожжы. Яно то дэзарыентаванае хлуслівымі дэпешамі ўласнае разведкі, то збітае з панталыку ўласным недаверам да рэальнасці, якую прымае за міраж. Што стрымлівае яго ад непасрэднае бітвы з ворагам, ад перамогі малымі сіламі, ад мэты?..

Ключ да сённяшняе сітуацыі мне бачыцца ў слове адпаведнасць. Адпаведнасць: думак — словам; словаў — сэнсу, які мы ў іх укладаем; сэнсу — аб’ектыўным з’явам і суб’ектыўным учынкам; учынкаў — традыцыям.

Нашыя размытыя словы не перадаюць нашых ясных думак, нашыя ўчынкі неадэкватныя нашым задачам і ўчынкам папярэднікаў.

Вось, да прыкладу, слова суверэнітэт, якое ў слоўніку мае дэфініцыю з трох радкоў, у нас, бадай, будзе мець колькі людзей, столькі і разгорнутых тлумачэнняў. Незалежнасць, дарэчы, займае ў слоўніку яшчэ менш: “Палітычная самастойнасць, адсутнасць падпарадкавання, суверэнітэт”.

Магчыма, усе нашыя размытыя тлумачэнні якраз ад таго, што мы не маем ані суверэнітэту, ані незалежнасці, ані палітычнае самастойнасці, ані адсутнасці падпарадкавання. Мы не з’яўляемся ў поўнай меры суб’ектамі: нацыя — сваёй гісторыі і сучаснасці, беларускія кіраўнікі — палітыкі, адраджэнцы — Адраджэння. Гэта першае. Другое: каб несці Адраджэнне на ўсё больш дужых плячах у найбольш пэўным кірунку, каб дзеіць з асалодай ад кожнага плёну, галоўнае, чаго нам цяпер бракуе,— прафесіяналізму. Рамантычны, паўлегальны перыяд Адраджэння нагадваў часта гульню ў “вайнушку”, у шпіёнаў. Але цяпер мы выходзім з дзіцячага веку. Што ж такое ў беларушчыне — прафесіяналізм?