Читать «Анталёгія сучаснага беларускага мысьленьня» онлайн - страница 228

Невядомы

— Незалежныя творчыя аб’яднаньні. Па сутнасьці,— клюбы “выбраных” аднадумцаў, хатнія арт-кавярні, захавальнікі мастацкага мікраасяродзьдзя, што ўзнаўляюць пэўны набор мастацкіх практык. Звычайна далёкія ад непасрэдных палітычных вызначэньняў і адзнак, аддаюць перавагу віртуальнаму падлучэньню ў эўрапейскую культурную прастору і дэманстратыўнаму эстэцтву. Найбольш вядомы “Бум-Бам-Літ”, які вызначае сябе як “адзін з эстэтычных дыскурсаў постмадэрновае прасторы”. Іншыя прыклады — кола аўтараў “Нашай Нівы” ды “АRCHE”, група “Соты”.

— Субкультурныя супольнасьці маргінальнага тыпу (хіпі, панкі, рэйвэры, кібэрпанкі, скінхэды). Займаюцца ўзнаўленьнем пэўнага тыпу сацыяльных паводзінаў. Цэльнае канцэптуальнае асновы няма ва ўсіх выпадках. Сыстэма вартасьцяў зьмяняецца разам зь лякальнай модай. “Артысты жыцьця”, што рэалізуюць сябе на дарэфлексіўным узроўні, адрозьніваюцца характэрным візуальным іміджам ды пазнавальнай плястыкай рухаў. Варыянты апрычонай “калектыўнай сацыялізацыі”, што фармуе камфортнае “абшчыннае асяродзьдзе” для моладзі, якая шукае аптымальнай культурнай нішы.

Усе пералічаныя зьявы, пры ўсёй іхнай разнастайнасьці, маюць за агульнае прынцыповую несумеснасьць з актуальным адміністратыўна-калгасным тыпам афіцыйнай культуры ды адсутнасьць якіх-колечы каналаў камунікацыі зь ёй. Спэктар іхных рэакцыяў на афіцыёз — ад поўнае абыякавасьці да актыўнага адпрэчваньня. Іх яднае таксама агульнае культурнае поле — маргінальная прастора неафіцыйнай культуры, што пераўтварае межы між названымі контркультурнымі рухамі ў чыстую ўмоўнасьць (самі межы паўстаюць стыхійна, яны адкрытыя й ня маюць жорсткага статусу). Апрача гэтага, усе формы беларускай контркультуры існуюць у сёньняшнім скрайне палітызаваным мясцовым клімаце. Палітыка й беларуская мова — вось два вырашальных насёньня крытэры ацэнкі канкрэтнай акцыі альбо культурнага праекту.

Разьвітая культура натуральным чынам набывае мазаічны характар, ператвараючыся ў адзінства разнастайнага, у калаж субкультур. Шматлікасьць субкультураў — адбітак розных тыпаў сацыяльных практык і адпаведных тыпаў сьветагляду. У мазаічнай культуры постсучаснасьці няма стабільнага цэнтру — і, адпаведна, няма й маргінальных ускраінаў. Таму найлепшая пэрспэктыва для беларускай контркультуры, ейных творцаў і прыхільнікаў — выйсьці з культурнага падпольля, стацца натуральнай часткай нелінейнага ды поліфанічнага працэсу культурнай дынамікі адкрытага грамадзтва.

Прачнуцца ў Беларусі

Дэфініцыя беларускага культурнага мэйнстрыма як “сьмецьцевай культуры” й ейнага актуальнага стану як Часу Нуль прадуктыўная зь некалькіх парамэтраў.