Читать «Анталёгія сучаснага беларускага мысьленьня» онлайн - страница 226

Невядомы

Для Беларусі, дзе увесь час адбываецца выбар культурнага супрацьстаяньня замест дыялёгу, праблема інтэлектуальнага выжываньня ў “сьмецьцевай культуры” мае асаблівы сэнс. Беларускі варыянт разьвіцьця конрткультуры, з аднаго боку, адбівае ўсеагульныя заканамернасьці, г.зн. паўстае на зломе культурных эпох як выяўленьне спантаннага пошуку новых арыентыраў, з другога — мае шэраг апрычоных асаблівасьцяў. Сярод іх мы можам пазначыць наступныя:

— Гістарычна паўсталы статус Беларусі як своеасаблівага скрыжаваньня культур на працягу ўсяго свайго існаваньня падлеглы моцным уплывам ці то з Захаду, ці то з Усходу. Расейска-польскія культурныя вэктары ўвесь час ствараюць сытуацыю “меншага суседа”, які ўспрымае сябе адно з пункту гледжаньня суаднесенасьці зь вялікімі культурамі сумежных народаў. Верхам абсурду ёсьць тое, што ў нашай краіне статус маргінальнай, гнанай і перасьледаванай мае нацыянальная беларуская ідэя. Беларуская мова ў зносінах амаль што напэўна выклікае агрэсіўную рэакцыю ў навакольнага асяродзьдзя ды пільную ўвагу праваахоўных органаў. Ціхае пахаваньне беларускамоўнае адукацыі — факт з таго ж шэрагу. Менавіта “размытая”, недааформленая нацыянальная самасьвядомасьць ёсьць адной з аб’ектыўных перашкодаў разьвіцьцю контркультурных (у нашым выпадку арыгінальных беларускіх) культурных праектаў. З іншага боку, менавіта беларуская контркультура ёсьць на сёньня адзінай сапраўднай магчымасьцю для культурнай самаідэнтыфікацыі беларусаў.

— “Перабудовачны штыль”, дзесяць гадоў сацыяльнай прабуксоўкі ды масавай апатыі. Адсутнасьць рэальнай сацыяльнай дынамікі, якая (адсутнасьць) пераўтварыла Беларусь у заказьнік Саўка, затрымала на старце ня толькі палітычныя ды эканамічныя, але й культурныя працэсы. Сытуацыя практычна не зьмянілася ад брэжнеўскіх часоў: наверсе “генэралы ад культуры”, геніі кан’юнктуры ды габінэтных інтрыг; унізе — людзі, што ўласнай творчасьцю пасоўваюць культуру наперад,— выштурхнутыя за межы эліты. Паміж першымі ды другімі — пасіўна-канфармісцкая большасьць “дзяржслужбоўцаў” культурнага фронту, цалкам і напоўніцу залежныя ад свавольстваў улады. Перабудоўчыя рамантыкі так і не сталіся новай культурнай элітай, звыкліся да жыцьця ў апазыцыі, завіснуўшы ў контркультурнай прасторы.

— Адсутнасьць традыцыяў незалежных грамадзянскіх ініцыятываў, натуральных для адкрытага грамадзтва заходняга тыпу. Большасьць беларусаў жыве дасюль у звыклай залежнасьці ад дзяржавы, якой яны далі магчымасьць вырашаць усё: дзе жыць, дзе працаваць, які мець заробак і чым харчавацца. Па-ранейшаму моцная псыхалягічная інэрцыя савецкай сыстэмы, у якой галоўнай каштоўнасьцю абвяшчаліся калектывізм і “нерушымае адзінства”. Масавая сьвядомасьць інэртная й шаблонная, і застаецца ў сутнасьці глыбока правінцыйнай ды патрыярхальнай. Ёй характэрна насьцярожана-адчужанае стаўленьне да якіх-колечы нязвыклых альбо несанкцыянаваных уладай культурных акцыяў. “Контркультурнасьць” у гэткай сытуацыі мае ў сабе ад пачатку кляймо другаснасьці ды неістотнасьці. Няспынны ціск дзяржавы на прыватны бізнэс ды слабасьць трэцяга сэктару — галоўная прычына адсутнасьці рэальных магчымасьцяў як для пабудовы эфэктыўных форм тыражаваньня й распаўсюджваньня альтэрнатыўнай культурнай прадукцыі, так і для пашырэньня кола яе спажыўцоў.