Читать «Анталёгія сучаснага беларускага мысьленьня» онлайн - страница 230

Невядомы

Захопленасьць фантомнымі ідэалягічнымі праектамі — беларуская нацыянальная хвароба. І ня мае аніякага значэньня, як завецца праект: “Русабелія”, “БНР” альбо “Эўропа”. У кожным выпадку мы схільныя кіравацца чарговым мітам, пераносячы свае рамантычныя чаканьні на абсалютна абыякавую да іх рэчаіснасьць.

“Сьмецьцевая” прастора “made іn Belarus”, неўпарадкаваная плынь абясцэненых культурных вартасьцяў і жыцьцёвых стратэгіяў, арганічна несумесна зь якім-колечы сцэнарам і прынцыпова не паддаецца кіраваньню. У ёй няма вядучых сіл і яўных прыярытэтаў.

Адзначым гэта як безумоўны плюс: рост “захлуджанасьці” культуры сыгналізуе момант яе радыкальных пераўтварэньняў.

Рэгулятыўныя магчымасьці ранейшых культурных стэрэатыпаў істотна зьмяншаюцца, што стварае рэальную магчымасьць працы з гэтым “сьмецьцем” у рэжыме канкурэнцыі. Спустэленае “неба” культуры адкрываецца для экспансіі новых сэнсаў.

Адмаўляючыся спажываць усюдыісны культурны “fast food”, мы выяўляем пустоты ў сыстэме афіцыйнай беларускай культуры, скразьнякі ў ейным размаляваным славянска-базарным фасадзе. Гэтыя пустоты памеру ў наш рост, памеру ў нашыя запыты й прэтэнзіі. І запоўніць іх можна толькі самім сабой.

Шумы — гэта тое, што яшчэ не запоўнена нашымі тэкстамі.

Адзіны шлях: прамаўляць, рухацца ў спустэленай культурнымі інтэрвэнцыямі, неспрыяльнай, але не чужой прасторы. Вядомае выслоўе “таварышча” Сталіна ў нашай сытуацыі можна перафразаваць наступным чынам: “Другой Беларусі ў мяне для вас няма”.

Дамовіцца з хаосам немагчыма. Але можна навучыцца карыстаць зь ягонай энэргіі.

“Сьмецьцевае жыцьцё” — асноўныя сцэнары

“Сьмецьцевае” асяродзьдзе патрабуе адпаведных форм прысутнасьці ў ім. Некаторыя стратэгіі паводзінаў фармуюцца самім асяродзьдзем, некаторыя патрабуюць мэтанакіраваных высілкаў.

Да натуральных форм жыцьця ў “сьмецьцевай культуры” можна залічыць дзьве магчымасьці, умоўна пазначаныя як Сьмяцяр і Клашар. Сьмяцяр — гэта той, хто ператварае культурныя прадукты ў сьмецьце, ён уласна ёсьць аўтарам “сьмецьця”. Сюды можна залічыць вытворцаў “сьмецьцевага прадукту” (як у маскульце, так і ў альтэрнатыўным асяродзьдзі), потым тым, хто клясыфікуе культурны прадукт і рэгулюе запаўняльнасьць сьметні (улада, цэнзура, рынак), і, нарэшце, масы спажыўцоў.

Клашар — натуральны жыхар “сьмецьцевага” асяродзьдзя, носьбіт альтэрнатыўных культурных кодаў — папросту з таго, што яны вызначаны ягоным жыцьцёвым досьведам. Клашар — жыхар субкультурнага гета, які не імкнецца да зьмен у сваёй долі. Але менавіта празь яго паўстае магчымасьць узнаўленьня ды трансьляцыі “сьмецьцевых тэкстаў”, выцесьненых зь “вялікай культуры”.

Крыза культуры ламае звыклую гіерархію культурных вартасьцяў і часам мяняе Сьмецяроў і Клашараў месцамі. Варта зацеміць, што ў гэтым выпадку адбываюцца нечаканыя мутацыі, якія спараджаюць альбо “пралетарскую культуру”, альбо “культурную рэвалюцыю” паводле кітайскага ўзору, альбо рамантычны зыход у палітыку перабудовачнай інтэлігенцыі.