Читать «Анталёгія сучаснага беларускага мысьленьня» онлайн - страница 227

Невядомы

— Заўсёдная прысутнасьць Ценю Вялікага Брата. Няздольнасьць і нежаданьне на афіцыйным узроўні падтрымаць вытворчасьць “канвэртаванага” беларускага прадукту, адсутнасьць яснай нацыянальна арыентаванай культурнай палітыкі, радаснае паглынаньне масамі другагатункавай расейскай папсы на шматлікіх “Базарах” і таннага чытва, высокая СМІ-залежнасьць ад расейскае інфармацыйнае прасторы, “узьнёслыя” памкненьні “назад у СССР” пад сьцягамі інтэграцыі. У нашым культурным ляндшафце пераважаюць артадаксальна-настальгічныя арыентацыі, што прапануюць у якасьці вышэйшага ўзору культуры каманду вэтэранаў Саўдэпу з “Залатога шлягеру”.

Адсюль і відавочныя вынікі: прынцыповая другаснасьць культурнага прадукту, слабасьць ды фрагмэнтаванасьць контркультурнага асяродзьдзя, адсутнасьць у яго сродкаў рэальнага ўплыву на масавую сьвядомасьць, захопленасьць унутранымі разборкамі (барацьба за гранты ды выгодныя замежныя кантракты; бясконцыя дыскусіі “хто галоўны”; дзяльба прадстаўнічых паўнамоцтваў у міжнародных структурах — у апазыцыйных палітычных колах; “чырвоныя” скінхэды супраць “чорных”, панкі супроць нацы, нацы супраць хіпі — у маладзёвых тусоўках), скрайняя сьветаглядная пярэстасьць ды расплывістасьць межаў (які заўгодна самвыдатаўскі аркуш паперы ў наяўных умовах набывае “альтэрнатыўны” статус).

Пры ўсёй разнастайнасьці ды зьменлівасьці карціны беларускай контркультуры, уяўляецца магчымым выдзеліць наступныя найбольш масавыя ды заўважныя плыні:

— Радыкальныя палітычныя аб’яднаньні. Сюды ўваходзяць як уласна палітычныя групы (кшталту менскае філіі РНЕ), так і групы палітычнага пэрформансу (як вызначаў С.Адамовіч ідэю арганізацыі “Правы рэванш”), а таксама “заклапочаныя” палітыкай маладзёвыя ды сацыяльныя слаі (чырвоныя ды чорныя скінхэды, фан-тусоўка групы “Красные звезды”). Прыклад сацыяльных “праектаў” — самвыдатгазэта “АК-47”, заяўленая як газэта “рабочай моладзі”, якая аб’ядноўвае на сваіх старонках памфлет супраць БПСМ і “акулаў бізнэсу” адначасова, а таксама фэнтэзі ў стылі “Цяжка быць богам” і заклікі “стварыць сваю палітычную сілу, якая апусьціць кожнага, хто рызыкне паперці супраць рабочага люду”. Іншы прыклад — газэта “Беларускі партызан”, што прапаноўвае кроніку “партызанскіх франтоў” палітрадыкалаў усяго сьвету. Такія ўтварэньні — інструмэнт вулічнае палітыкі ды “вулічнае палітасьветы” малаадукаваных сацыяльных груп у духу “Курса молодого бойца”. Па сутнасьці й духу — клюбы жаўнераў.

— Незалежныя сацыяльныя ініцыятывы. Часьцей за ўсё — спроба пераносу на айчынную глебу аналягічных заходніх рухаў. У адрозьненьне ад бяскрыўдных прадстаўнікоў трэцяга сэктару кшталту “Асацыяцыі клюбаў Юнэска”, яны здольныя на рашучыя крокі ды рызыкоўныя акцыі. Найбольш яскравы прыклад — экалягічныя групы кшталту “Захавальнікаў вясёлкі” ці “Экасупраціўленьня Беларусі” з характэрнымі лёзунгамі “лепш быць актыўным сёньня, чым радыяактыўным заўтра”. Займаючыся арганізацыяй пікетаў, пэрформансаў і дэманстрацыяў у “гарачых” экалягічных кропках Беларусі, гэтыя “экаанархісты” ёсьць “партызанамі грамадзянскай супольнасьці”, што выбралі адчайную дэманстратыўна-правакацыйную тактыку дзеля прыцягненьня ўвагі да істотных праблем, якія знаходзяцца па-за інтарэсамі мясцовых ды цэнтральных уладаў.