Читать «Анталёгія сучаснага беларускага мысьленьня» онлайн - страница 229

Невядомы

Перш за ўсё, яна прыводзіць да разуменьня вычарпанасьці адміністратыўна-сэрвільнай мадэлі культуры, якая сфармавалася ў савецкія часы. Мы паходзім адтуль і маем схільнасьць да настальгіі па ранейшай яснасьці, па стабільнасьці культурнае прасторы, дзе аднолькава абжытыя й камфортныя былі і афіцыйны, і альтэрнатыўны пласты (“Капітал” на заліку, “Архіпэляг Гулаг” пад падушкай), дзе існаваў акрэсьлены падзел функцыяў (“Ты бяжыш, я даганяю”) і гарантаваная будучыня (таксама дуальная — дзяржпэнсія альбо ганаровая высылка ў Парыж). Усё гэта мела сэнс у грамадзтве, у якім былі грошы на танную гарэлку, на падкормку творчых саюзаў, а таксама на гульню ў вальнадумства (Еўтушэнка ў Нью-Ёрку). Немагчыма мець нешта такое ў грамадзтве, што завісла на стадыі пераходу ад камандна-адміністратыўнай да рыначнай мадэлі жыцьця соцыюму. І тым больш гэта будзе немагчыма, калі зрухі ўсё ж такі адбудуцца. Мэйнстрым ёсьць сьмецьцем, бо ён сьпявае калыханку й ня бачыць, што дзіцё ўжо вырасла. Гэта культура Ўчорашняга, якая страціла шанец стацца культурай Сёньня. Істотна зразумець, што яна мёртвая. І самы час ад яе адысьціся.

Гэта значыць, што надыходзіць пара пахаваць уласных нябожчыкаў. Эпоха “гатовых” ідэяў і заўсёдных аглядак на традыцыю, здаецца, прамінула назаўсёды. Старыя багі ня маюць што нам сказаць сёньня. Але, ці магчымыя ўцёкі? Мы — закладнікі культурнае прасторы, у якой нарадзіліся й якую лічым сваім натуральным асяродзьдзем. Мы залежныя ад мовы, якой валодаем ці не валодаем, ад культурнага досьведу й стылю жыцьця. З культуры, у прынцыпе, уцячы немагчыма. Але цалкам рэальна знайсьці іншы тып прысутнасьці ў ёй.

І тут зноў паўстае ідэя “сьмецьцевай культуры”, паколькі яна патрабуе адмовы ня толькі ад звыклай веры ў існаваньне нейкага эталёну культурнасьці, да якога мы мусім імкнуцца, альбо гэткай жа эфэмэрнай тугі па страчанай духоўнасьці.

“Сьмецьцевая” культура не ўнікальная. Гэта толькі адна з сучасных паталёгіяў культуры, у якой адлюстроўваюцца (хай сабе й у скажонай форме) агульныя характарыстыкі культурнай дынамікі. Таму ў кантэксьце нашых разваг мае сэнс зафіксаваць наступныя прынцыпова істотныя моманты:

1. Абсалютна “чыстай” (у этычным, рэлігійным, расавым і г.д. сэнсах) культурнай прасторы не існуе. Кожны культурны код працуе ў рэжыме дыялёгу, канкурэнцыі ці “вайны культур”. Для культурнай дынамікі канфлікт культурных кодаў — зьява натуральная й непазьбежная;

2. “Прафанны” спажывец культурнага прадукту ва ўсялякай сацыяльнай сыстэме абсалютна дамінуе. Таму мера эфэктыўнасьці культурнага тэксту (інакш — ягонай інфармацыйнай значнасьці для масавага адрасата) істотна залежыць ад магчымасьці “прафаннага” прачытаньня. Стан культурніцкіх справаў у грамадзтве фактычна рэгулюецца ня тэкстамі “высокай” культуры, але ўмелай працай зь “нізавай” сьвядомасьцю, здольнасьцю эліт граматна адаптаваць свае ідэі да спэцыфікі масавага ўспрыняцьця;

3. Адсюль вынікае, што ва ўсялякай культурнай прасторы непазьбежна прысутнічае пэўная колькасьць “сьмецьця”. У сытуацыі транзытыўнага грамадзтва, тым болей, у яго беларускім варыянце, “сьмецьцевы” характар набываюць культурныя арыентыры, якія раней выглядалі непарушнымі. Эфэктыўная інтэлектуальная праца сёньня немагчымая безь перагляду ранейшых прыярытэтаў.