Читать «Анталёгія сучаснага беларускага мысьленьня» онлайн - страница 225

Невядомы

— Трансфармацыя ў ціхую субкультуру чыста дэкаратыўна-стыльнага тыпу (хіпі — авангард контркультуры 60-х ды панкі — вулічныя тэрарысты “прыстойных” 70-х даўно ўжо нікога не палохаюць, ператварыўшыся ў звыклы элемэнт вулічнага жыцьця).

У кожным выпадку адбываецца своеасаблівы перадзел культурных прадуктаў, зрухі межаў прафаннага й сакральнага. Як вынік паўстаюць чарговы “выпраўлены” культурны канон і новыя гета для “сьмецьцевай культуры”.

Аўтарытарная культура імкнецца да ўзорнага інфармацыйнага парадку. Ейны ідэал — лінейнасьць, празрыстасьць, кананічнасьць ды ўпарадкаванасьць культурнае прасторы. Асноўная функцыя — масавая вытворчасьць ідэалягічнага міту, прынцыповае адрозьненьне якога ад мітаў аткрытага грамадзтва ў тым, што тут ня можа быць рознагалосьсяў альбо канкурэнцыі. Тыповы прыклад — клясычная формула “адзін народ, адна партыя, адзіны райх!” У ступені набліжэньня да такога культурнага канону ўзрастае банальнасьць і поўная прадказальнасьць культурных узораў, што маніпулююць базавымі архетыпамі “прафаннай” сьвядомасьці. Кожны індывід альбо субкультурная група, якія ня схільны дэманстраваць ляяльнасьць рэжыму, патрапляюць пры гэтым у шэраг “недатыкальных”.

Культурная палітыка ды ідэалёгія ў гэткай сытуацыі стаюцца непарыўна зьвязанымі. Творчы экспэрымэнт аўтаматычна прачытваецца як пасягальніцтва на асновы грамадзтва альбо лятэнтная форма сабатажу, адмова ад выкананьня сацыяльнае замовы. Выцясьняючы ў “маргіналы” ўсіх тых, хто ня здатны сьлепа сьледаваць за Вялікім Канонам афіцыйнай культуры, кіроўчая эліта сваімі рукамі стварае разьлеглы культурны андэграўнд,— рэальную аснову контркультуры. Пры гэтым колькасьць “альтэрнатыўнага” расьце прама прапарцыйна агрэсіўнасьці й бяздарнасьці афіцыйнай культурнай палітыкі.

Шмат хто з “новых маргіналаў” стаецца “контркультуршчыкамі” не з сваёй волі. Сыстэма папросту адцінае ім усе афіцыйныя шляхі да рэалізацыі свайго права на творчасьць. Жыцьцёвая ды творчая адысея Славаміра Адамовіча — тыповы прыклад “выгнаньня ў андэграўнд”. Улада сама (паводле дакладнай заўвагі Ахматавай) робіць біяграфію тым, у кім бачыць для сябе небясьпеку. Той жа самвыдат — адказ на неразваротлівасьць ды ідэалягічную зашуганасьць дзяржаўных выдавецтваў, дэградацыю ды палохлівасьць дзяржаўных СМІ.

Такім чынам, парадокс контркультуры палягае на тым, што яна ёсьць уварваньнем нутраных барбараў, культурнай апазыцыяй, паўсталай зь сярэдзіны сыстэмы. Культурны андэграўнд запалены энэргетыкай супраціву Вялікаму Канону й мае сэнс адно ў ягонай прысутнасьці. Мы ў апазыцыі — значыць мы: а) супраць і б) на другім месцы.

Таму ўсялякая апазыцыя (і культурная — не выключэньне) марыць пра ўладу. Контркультура — закладнік сваёй эпохі, двайнік абсурду таталітарнай утопіі, яны жывуць разам і паміраюць таксама разам. Пры зьменах сацыяльна-палітычнай сытуацыі ў бок нармальнасьці той жа сёньняшні самвыдат зьнікне ў агульнай плюральнай карціне культуры.

Контркультура па-беларуску