Читать «Анталёгія сучаснага беларускага мысьленьня» онлайн - страница 224

Невядомы

Вынікі навідавоку: беларускі Час Нуль існуе адначасна ў двух канцэптах: “сучаснае як мінулае” (рэанімацыя й падтрымка “страчаных каштоўнасьцяў”) і “сучаснае як будучае” (звыклы мадэрновы рэвалюцыйна-радыкальны сцэнар). Рэальнасьць губляецца за праектамі й камэнтарамі.

Час Нуль вытворвае культурныя праекты з нулявой сацыяльнай эфэктыўнасьцю, паколькі бальшыня пралетароў разумовай працы задзейнічана ў павярхоўным “напыленьні” адцягненых канцэптаў ці дэкаратыўных псэўда-тэкстаў на архаічныя ўладныя мадэлі. “Хлуд” становіцца культурным стандартам.

Тое, што завецца “контркультуру”, пачынаецца як бунт “сьмецьця” супраць “хлуду”.

Інкубатар маргіналаў

Контркультурны выбух немагчыма заплянаваць. Ён нараджаецца з натуральнае хады падзеяў. І галоўны архітэктар перабудовы “сьмецьця” ў альтэрнатыву — культура афіцыйная, якая сьлепа адкідвае “непрымальныя” формы пашырэньня сваёй прасторы.

Парадокс у тым, што аўтарытарная культура адначасова і збыт інфарматыўная (яна імкнецца запоўніць сабой усю даступную культурную прастору), і скрайне міталягічная, г.зн. пустая, “сьмецьцевая”. Чалавек “закрытага грамадзтва”, ейны вымушаны спажывец, скрайне далёкі ад разуменьня рэальных падзеяў і ў той жа час мае ілюзію поўнай інфармаванасьці. Ён існуе ў прасторы калектыўнай “ідэалягічна правільнай” галюцынацыі.

Паўстае абсурдная знакавая прастора, паколькі сапраўды “сьмецьцевым” у гэтым выпадку ёсьць само ядро культуры, ейныя вядучыя прынцыпы й вартасьці. Такая “сьмецьцевая культура über alles” абсалютна ня ў стане прыняць сваю “прафаннасьць”, свой “сьмецьцевы” статус. Працуючы па інэрцыі, аблашчаныя ўладай інжынэры масавага энтузіязму працягваюць штампаваць “бедныя міты” (Ралян Барт), у шчырым перакананьні, што ствараюць безумоўныя вартасьці для ўдзячнага чалавецтва. Такім чынам, у “закрытым грамадзтве” прыналежнасьць да контркультуры — характарыстыка збольшага не зьмястоўная, а функцыянальная, што фіксуе “сьмецьцевы” статус дадзенай формы культуратворчасьці ў сыстэме актуальнай “вялікай” культуры. “Сьмецьцевы” статус азначае поўнае адпрэчваньне ад усіх афіцыйных мэханізмаў вытворчасьці, тыражаваньня, захоўваньня й рэалізацыі культурнага прадукту. І як вынік — фармаваньне пэўнага тыпу “падпольнае” субкультурнае самасьвядомасьці ды афармленьне альтэрнатыўнай сыстэмы спажываньня культурнага прадукту (самвыдат, кватэрныя канцэрты й выставы, вулічныя пэрформэнсы, клюбныя акцыі й г.д.).

Аналізуючы досьвед найноўшай гісторыі, можна пазначыць наступныя сцэнары разгортваньня контркультурных ініцыятываў:

— Трансфармацыя ў “вялікую культуру” (радыкал-бальшавізм як улада Краіны Саветаў, нацыянал-сацыялізм як ідэалёгія “ўсяго нямецкага народу”) — “утопія пры ўладзе”;

— Поўнае распушчаньне ў “вялікай культуры”, якая адаптуе радыкальныя культурныя інавацыі да патрэб масавага спажыўца (мода на містыцызм і дзэн-будызм, шырокае распаўсюджаньне лёгкіх наркотыкаў, паслабленьне традыцыйнай мадэлі сям’і як вынік “сэксуальнай рэвалюцыі”, пабытовы антыкамунізм як мяккая форма дысыдэнцтва);