Читать «Анталёгія сучаснага беларускага мысьленьня» онлайн - страница 223

Невядомы

Яшчэ адзін знак Часу Ноль — пыхлівая й навязьлівая імітацыя народнасьці. Шматлікія фальклёрныя вячоркі, актыўна растыражаваныя афіцыйнымі мэдыямі, прапануюць наіўнаму гледачу зусім ня скарбы народнай культуры. Адбываецца ўрачыстая дэманстрацыя дасягненьняў нішчымнай сьвядомасьці “савецкага сялянства”, звыклага жыць у загоне, палохацца кіраўніцтва, гучна рапартаваць і напівацца як бэйлям на дазволеных уладай баляваньнях. Дэкаратыўны фальклёрны “наватвор”, штучны й банальны, цалкам адпавядае патрэбам сыстэмы, калі ўзнаўляе ў сьвядомасьці наіўных гледачоў звыклыя ідэалы “чаркі й скваркі”.

Адваротны бок псэўда-народнасьці афіцыйнай культуры — экспансія чужога маскульту. З прычыны ўласнай нямогласьці беларуская адміністратыўна-дырэктыўная культура робіцца закладнікам суседніх “пасіянарыяў”: новага расейскага імпэрыялізму ці аб’яднанай Эўропы. Размытасьць культурных арыентыраў замінае пабудове яснай культурнай палітыкі. “Адказныя за культуру” дзейнічаюць баязьліва й няўклюдна, трывожна зазіраючы ў вочы свайму кіраўніцтву.

Час Нуль адначасова штучна ўзвышае й зьніжае рэальную значнасьць інтэлектуальнай працы. У зьменлівай культурнай сытуацыі наўмысна падтрымліваецца звыклы падзел функцыяў: чыноўнік — “гаспадар”, мастак — альбо “просьбіт” і “выканаўца заказу”, альбо “камэрсант” і “герой падпольля”. Хаця жыцьцё часта змушае працаваць і ў “зьмешанай тэхніцы”: для сьмецьцевага ляндшафту натуральная прысутнасьць значнай часткі інтэлектуалаў у якасьці “падвойных агентаў”, якія паралельна працуюць на дзяржаўныя й альтэрнатыўныя структуры. Рух у агульным полі, дзе ўлада й андэграўнд — браты-двайняты, стварае своеасаблівы рымэйк оруэлаўскага “двудуманьня”, шызафрэнію культурнай сьвядомасьці. Посьледам за Б.Г. (Барысам Грабеншчыковым) многія з нас могуць сказаць: “У мяне ёсьць дзьве фазы, мама...”, паколькі для беларускага інтэлектуальнага асяродку характэрны фантастычны сплаў кансэрватызму й радыкалізму, сэрвільнасьці й тэхнікі штодзённага змаганьня за жыцьцё. Для цэласнасьці малюнку сюды варта дадаць схільнасьць да ўнутраных канфліктаў і міжкланавую барацьбу — прыцэльны “адстрэл сваіх”.

Натуральная плата за празьмерную любоў да гукаў уласнага голасу — страта публікі. Навідавоку страта сувязяў з масай: яны ня ведаюць пра нас, мы — пра іх. “Прафаны” спажывец культурнага прадукту альбо загрузае ў банальны “шумавы” поп-асяродак, альбо насьледуе лякальнай модзе й звыклым карпаратыўным каштоўнасьцям, альбо аўтаномна й стыхійна намацвае сваю ўласную прастору.

Непазьбежная другаснасьць уласна беларускіх культурных прадуктаў — вынік культурнай залежнасьці, жыцьця й мысьленьня “наўздагон”, а з гэтага — заўсёды са спазьненьнем. Адстаем, бо даганяем. І ня трэба казаць, што нам патрапіўся “нягеглы” народ. Народ жыве не па ўладзе, а па інэрцыі.