Читать «Анталёгія сучаснага беларускага мысьленьня» онлайн - страница 222

Невядомы

Раней мы адзначылі, што ўсялякая навацыя ў культуры ёсьць пісьмом паверх чужых тэкстаў. Гэтаксама й адваротнае: нашыя ўласныя пісьмёны ўвесь час засыпае чужым сьмецьцем. Адзіны спосаб быць пачутым — увесь час мяняць хвалі перадачы ды фарсіраваць гук. Жыцьцё “іn trash” — гэта рок-н-рол.

Каб адчуць смак “сьмецьця”, дастаткова прачнуцца ў цягніку пад Алёну Апіну, безнадзейна пашукаць у менскім шапіку “Newsweek” альбо польскую “Роlіtуса”, а ў краме “На Нямізе” — дыск Джона Зорна альбо “Сьвяты вечар — 2000”. Каб адчуць “сьмецьцем” самога сябе, дастаткова пабачыць рэакцыю ў адказ. Альбо проста атрымаць дзяржзаробак.

Чорны гальштук, белы шум

Апарат адміністратыўна-бюракратычнага кіраваньня культурай застаўся практычна тым самым ад савецкіх часоў, працягваючы працаваць ад імя ды ў інтарэсах інэртнае большасьці насельніцтва.

Менавіта гэтым і вызначаецца сучасны стан беларускай культуры. Агрэгат афіцыйнай культуры працуе ў рэжыме “грукату”. Ягоныя высілкі нараджаюць не актуальныя сьветаглядныя канцэпты й прадуктыўныя мадэлі сацыяльнай актыўнасьці, а лакуны ў жыцьцядайнай прасторы грамадзтва. Гэта бег па коле, праца ў халастым рэжыме, Час Нуль.

Для дзяржаўнага мэханізму гэта азначае імітацыю “цывілізаванага” культурнага канвэера. Сытуацыя цалкам адпаведная стану справаў на “нармальным” беларускім заводзе: працуюць дрэнна, але звольніць нікога нельга, прадукцыя нікому не патрэбная, але выраб яе не перапыняецца. Вынік нікога не цікавіць, галоўнае — “абы ціха”. Без шоку й непапулярных крокаў.

Апаратчыкі ад культуры старанна працуюць, засвойваючы сродкі. Працэс як быццам рухаецца, але вынікі засмучаюць. Чакаем новых “Бітлз” — атрымліваем чарговы клон “Верасоў”, групку напышлівых дзетак зь невынішчальным саўковым акцэнтам. Гадуем літаратурныя таленты — атрымліваем прэзыдэнцкага стыпэндыята, які ашчасьлівіць сьвет опусам “Палёт над самадайкай”. Гэта пісьмо белым па белым замест тэксту — старанная тынкоўка халста, выдаленьне зь яго ўсіх іншых колераў. Хай сабе пустэльня, але затое спакой і адсутнасьць непажаданых асацыяцыяў.