Читать «Анталёгія сучаснага беларускага мысьленьня» онлайн - страница 218

Невядомы

Мараль, якая аб’eктызавалася,— большая за самую сябе. Аднак што гэта, аб’ектызаваная мараль? Бог? Самаўсведамленне Прыроды? Першапачатак з безліччу розных магчымасцяў (Флёра можа стрэліць і можа не стрэліць)? Набыты нарэшце рай?.. Рух матэрыялу па яго ўласных законах (праз самаапісанне мастацкай сістэмы), аб чым дбае А.Адамовіч пасля сустрэчы з Венерай Мілоскай, здаецца, спрыяе ўцёкам герояў пісьменніка з гісторыі. Але, апантаная утопіяй-міфам, яна сама здзяйсняецца ў міфалагеме, малюе свой першавобраз.

Нас рэабілітуе РОЛЯ, якую здавён мусіў выконваць кожны свядомы беларус дзеля сцвярджэння ў традыцыйна неспрыяльным асяроддзі факту рэальнай беларушчыны з непазбежным узнаўленнем асноўных атрыбутаў эстэтыкі адчужэння, калі немагчымасць атаясаміць рэальнае з рэальнасцю, дзею з “глядзельнай залай” грамадства здавалася вырашальнай. Аднак Чарнобыль жорстка аспрэчыў нацыянальную парадыгму эстэтычнай прысутнасці беларусаў у свеце і зрабіў саму рэчаіснасць рэжысёрам і выканаўцам галоўнай ролі. Яго аргумeнт — дасканаласць пачварнага, што вынікае з бартаўскай “тапалогіі цела”, калі ўвасобленая сутнасць ідэалу разам з усялякай дыстанцыяй паміж задумай і здзяйсненнем выракаецца і чалавека, ахвяруючы апошнім пазачалавечым наступствам ягонай занядбанай прыроды. І тады няшчасны бальзакаўскі Саразін спраўджвае сваю мару аб стваральнай прыгажосці Звыш-Жанчыны ў каханні да чалавека, пазбаўленага мужчынскай якасці (кастрата), а ідэальная эстэтыка адчужэння здзяйсняецца як прынцып ЗОНЫ, засведчанай сконам тэхнічнага прагрэсу, аднак і не саступілай блаславёным “датэхналагічным” часінам, дзе, на думку інтэлектуалаў-“еўраборцаў”, высокая культура ніколі не была часткай культуры матэрыяльнай.

Чарнобыльская рэчаіснасць даўно і назаўсёды зблытала “перад” і “пасля”, злучыла ў непарушную eднасць юнгаўскую “патэнцыяльную рэальнасць”, прыдбаную ў медытацыях далёкага, таямнічага ёгіна, і забруджаную радыёнуклідамі беларускую ЗОНУ, якая для выгнаннікаў палальнага савецкага Усходу стала сёння зямлёй абетаванай, ажыццёўленай марай (дасканаласцю пачварнага?), што ў выратавальным зыходзе адных патурае вынаходліваму сяброўству д’ябла... з Богам дзеля спраўленай трызны па іншых: “Чаму сюды прыехалі? На чарнобыльскую зямлю? Бо адсюль нас ужо нe выганяць. 3 гэтай зямлі. Яна ўжо нічыйная, Бог яе забраў...” (С.Алексіевіч, “Чарнобыльская малітва”). Аднак раптоўныя заручыны пекла і неба сведчаць не толькі пра ідэальную магчымасць зваротнага руху да апакрыфічнага паразумення Творцы і яго абранніка-служкі, які яшчэ не паспеў здрадзіць. Уладарная моц архонта (“князя свету гэтага”) усталёўвае нечаканы парытэт вечнасці і часу, калі рэчаіснасць пачынае супярэчыць сваёй магчымасці, падзяляючы чалавека і ягоны цень і ўтвараючы кантэкст непазбежнага разладу паміж стваральнікам духоўнага прадукту і яго спажыўцом, з якога Р.Барт калісьці выводзіў канцэпцыю ТЭКСТУ як структуры свядомасці, дзе мы самі перш-наперш шукаем нацыянальныя альтэрнатывы, бо рэальнае па-за рэальнасцю — гэта зусім па-нашаму, па-беларуску.