Читать «Анталёгія сучаснага беларускага мысьленьня» онлайн - страница 217

Невядомы

Сон розуму спараджае пачвараў? Але што тады застаецца ад вытанчанага эстэтычнага густу герояў “Доктара Жывага”, якіх апаноўвае нястрымнае захапленне ад “цудоўнай хірургіі” бальшавіцкай рэвалюцыі? Этычная задача падмяняецца эстэтычнай. Дзёрзка, балюча пакрыўджаны змест болей не адмаўляе сабе ў гаючай асалодзе парадоксаў О.Уайльда, што бачыў адзіную ісціну і вышэйшую ступень дасканаласці ў Пакуце, якая не мае ў сабе нічога яшчэ, акрамя самой Пакуты. Уяўныя яе выгоды замацоўваюць перавагу “чысціні дзеяння” ў перамозе “ўяўляцца” над “быць”, якую жудасна адсвяткаваў Ю.Місіма, адмовіўшы сітуацыю выбару і нават магчымасць “альбо/альбо” наўпроставай гатовасцю да смерці, наканаванай чалавеку (паводле яго “Хагакурэ нюмон”) без аніякіх альтэрнатываў. І калі, паводле А.Адамовіча, “уся “сістэма” (Эйнштэйн) вонкі рухаецца да самазнішчэння і толькі ўнутры самой сябе — да стварэння”, дык менавіта там, у сэрцы “сістэмы”, нерухомее перад ідылічнай фатаграфіяй сціплай жанчыны і яе маленькага сына Адольфа Флёра Гайшун, не здатны стрэліць у маці будучага фюрэра і яе дзіця.

Час-пярэварацень усіх выпрабоўвае на трываласць: “Быць маці Гітлера... (Як у нашым фільме). А быць першамаці (той, першай малпачкай, у якой гены ад мутацыі пераскочылі на іншае, чалавечае дзяленне) істотаў, што забілі ўсё і ўся? І сябе — глабальнага забойцы, чалавека!” (А.Адамовіч). Не стрэліць (у маці Гітлера) — значыць усвядоміць сябе ў жахлівым ланцугу мутацыі, плёнам якой ты ёсць, і немагчымасць перарваць яго, не забіўшы “першамаці чалавека”. Згадзіцеся, гэтая непадзельнасць аб’екту і суб’екту, што ў разумовых практыкаваннях іншага немца (Шэлінга) пераадолела выніковы “нуль” (ці не нашага сустрэчнага руху?) спасціжэннем Сусвету ў форме мастацтва, не надта адрозніваецца ад цікавага А.Адамовічу “жанру самапазнання: гістарычны суб’ект у ролі аб’екту”, дзе мастацкая сістэма з непазбежнасцю сама тлумачыць сябе.