Читать «Анталёгія сучаснага беларускага мысьленьня» онлайн - страница 219

Невядомы

Можа, сапраўды меў рацыю А.Шапэнгаўэр, пераадольваючы мяжу чалавечага інтэлекту, вызначаную ім у часе, формулай няспыннай сучаснасці (“тут-цяпер”), бо кожны наш крок у сваёй абсалютнай адзінкавасці ператварае ў ілюзію і мінуўшчыну, і будучыню. Ён ідэальны — таму што абсалютны. Ён незваротны — бо няма куды (адкуль) вяртацца. І няма каму. І калі не памыліўся Р.Барт, убачыўшы ў чалавеку ўмову дыстанцыі між “перад” і “пасля”, то ягоная магчымасць-гіпотэза становіцца адзіным шанцам нашага рэальнага быцця, адухоўленага (эстэтызаванага?) здольнасцю часу падарожнічаць... у часе. Хіба ўцёкі новых насельнікаў чарнобыльскай прасторы ад наслання іхняга ўчарашняга дня не сведчаць таксама пра новы хранатоп ЗОНЫ? Немажлівасць пакутнікаў вярнуцца да зруйнаванай гістарычным катаклізмам Прыроды, гармонію якой спрадвеку баранілі неспазнанасць маральнага канфлікту і праблематычнасць самога пытання пра ліха, у такім вызваленні ад маральных калізій свайго мінулага аднаўляе Прыроду ў іх саміх (юнгаўская альтэрнатыва “натуральнаму чалавеку” Русо, знойдзеная ў нетрах свядомасці), аднолькава адмаўляючы незваротнасць чарнобыльскіх страт, якімі скрываўлена душа іх аўтэхтонных папярэднікаў. Загнаны гісторыяй у кут, чалавек робіцца непадлеглым яе раз’юшанаму нораву, сцвярджаючы каштоўнасць гіпатэтычнага існавання ў рэальнасці. Фактар адчужэння яднае яго з уласнай эстэтычнай магчымасцю, што менавіта ў шматзначнасці вырашэнняў выступае падставай быційнага самаўсведамлення, калі нават тэкст — “гэта мы самі ў працэсе пісьма” (Р.Барт).

Ці можа гісторыя стаць праблемай мастацтва, калі памкнуцца да яе з-за абсягаў часу? Напэўна, хоць гісторыя-дарунак (адразу і цалкам) неад’емная ад яе эсхаталагічнай завершанасці, якая няспынна набліжае наша НIШТО. Чаму б і не ператварыць гэтае НIШТО ў чысты, бялюткі аркуш паперы, на якім усё выяўленае будзе ГIСТОРЫЯЙ, і не толькі агульначалавечай (у бязмежжы агульналюдскіх урокаў Чарнобылю), а найперш — беларускай? Расейцы шануюць сваю культуру як спараджэнне гісторыі (В.Кожынаў). Беларусы намагаюцца зрабіць з нацыянальнай культуры (і літаратуры) падмурак гісторыі. На жаль, наўрад ці каму выпадае быць на гэтым шляху дарадцам-тлумачом. Відавочная выпадковасць узаемадачыненняў з творамі і творцамі пакідае шукальнікаў сэнсу сярод звычайных чытачоў. Смешная доля? Дзякуй Богу, калі так, бо менавіта з выпадку-анекдоту на руінах міфалагічнай наканаванасці ўзнікаў сюжэт і нараджалася мастацкая літаратура (Ю.Лотман). Мабыць, трэба проста аддаць належнае Яго Вялікасці Выпадку, які аспрэчвае мэтазгоднасць лагічна абгрунтаванага выбару, узважанага на шалях самадастатковай тэорыі, і выбачае разгубленаму чытачу, трымаючы яго на парозе вечнасці толькі дзеля таго, каб з выпадковасці нашага жыцця ўтварыць сюжэт гісторыі.