Читать «Анталёгія сучаснага беларускага мысьленьня» онлайн - страница 220

Невядомы

2001 г. 

Культура сьмецьця й сьмецьце культуры

Сытуацыя пачатку стагодзьдзя ёсьць наўпрост сымбалічнай. Тры нулі пасьля двойкі можна чытаць як вяртаньне лічыльніка “стужкі культуры” на нулявую рыску. Культура, дубаль два. Але гульня зь лічбамі тут адно спосаб пазначыць абсалютна відавочную вычарпанасьць эўрыстычнага патэнцыялу таго, што мы ўспрымаем як культурныя вартасьці. “Усё больш паперы, усё менш рысу” — як прамовіў Восіп Бродзкі ў іншы час і з нагоды іншай культуры.

Па-за тым, якую лінію прасоўваньня ў прасторы сучаснай культуры мы выбіраем — паблажліва-адчужанай гульні з маскультам, захопленага засваеньня маргінальных адкрыцьцяў Гурджыева ды Кастанэды альбо безнадзейна-рамантычнага пошуку “страчанай духоўнасьці”,— сама магчымасьць рушэньня-зруху-ўцёкаў гаворыць пра распад звыклай гіерархіі культурных узораў.

Пісьмо магчымае альбо калі аркуш чысты, альбо калі ягоная актуальная запоўненасьць для нас ня мае сэнсу. Прасоўваньне ў культуры — палімпсэст, пісьмо паверх напісанага іншымі.

Культурныя каноны, паміраючы, застаюцца ў прасторы культуры як хлуд, сьмецьце, trash. Нулявы ўзровень культуры — пласт адчужаных культурных прадуктаў пры адсутнасьці іх сыстэмнай арганізацыі. Жыцьцё пад аскепкамі ідэялёгіяў, жыцьцё на сьметні. Напэўна, менавіта гэта завецца крызай. Неба маўчыць. Там таксама крыза.

Мы можам суцяшаць сябе, што ўвесь сьвет хворы, і цытаваць Джыма Морысана: “І woke up thіs mornіng and І’ve found myself dead...” Да нас зноў прыедуць эўрапейскія госьці й распавядуць, як трэба ратаваць духоўнасьць. Звыкла адмяжоўваючыся ад сьвету словамі, так лёгка забыць, што культурная крыза — гэта, перш за ўсё, распад устойлівых форм самаідэнтыфікацыі ў культуры. Крыза — гэта калі мы ня ведаем, што рабіць з культурай, і не разумеем, што яна робіць з намі.

Пералік ягоных асноўных складнікаў дастаткова відавочны:

1. Руйнаваньне натуральнага цыклю культурнай дынамікі, якое выяўляецца ў разрыве ранейшых сувязяў між практычным, вартасна-нарматыўным ды сьветаглядным узроўнямі культуры. Прасоўваньне новых ідэяў ад маргінальных экспэрымэнтаў да ўсталяваньня іх у якасьці культурных узораў у сфэры элітарнай культуры й далейшага пераўтварэньня (у спрошчаным варыянце) у канон масавай сьвядомасьці парушана, бо галоўнай задачай “вялікай” культуры стаецца самазахаваньне.

2. Прыпыненьне працэсу зьмены генэрацыяў культурнай эліты. Пашырэньне ўплываў эліты канфармістаў ды пэнсіянэраў.

3. Татальная міталягізацыя культурнага асяродзьдзя. Адсутнасьць прытоку сьвежых ідэяў і арыгінальных культурных тэкстаў кампэнсуецца інтэнсіўна-гістэрычнай апалягетыкай існага парадку альбо нагэтулькі ж эмацыйнай ягонай крытыкай. Адбываецца афармленьне “анамальнае знакавае прасторы”, што творыць скрыўленую, фантомную ўяву дуальнай рэальнасьці. Рух такой культуры ёсьць пашыраным самаўзнаўленьнем канкурэнтных мітаў.

4. Стыхійныя зрухі ў нізавай, “прафаннай” культуры, што паўстаюць як рэакцыя на параліч “вялікай” культуры. Спантанны пошук новых моваў культуры, новых форм быцьця-ў-культуры.