Читать «Анталёгія сучаснага беларускага мысьленьня» онлайн - страница 216

Невядомы

А.Адамовіч неаднойчы параўноўваў наступствы XX стагоддзя для беларусаў з рэпетыцыяй ядзернай вайны, толькі звычайнымі сродкамі, асэнсоўваючы трагедыю “атамнай” Евы з “Апошняй пастаралі” (“...праз яе жаночую існасць даецца адвечнае, а вечнасці ж і няма для пасляатамных людзей”). А няўжо стрэл Флёры Гайшуна ў фінале фільму Клімава-Адамовіча “Ідзі і глядзі” не ёсць апошняя, адчайная спроба вярнуць гісторыі калі не сумленне, дык сэнс? 3 кожным новым стрэлам хлапчука ў ненавідны партрэт “Гітлера-асвабадзіцеля” яна набірае ўсё большую зваротную хаду: у кадрах дакументальнай кінахронікі, убачанай наадварот, паўстаюць з руінаў гарады, Еўропа аднаўляе разбуранае вайной аблічча, пакуль... Пакуль сама гісторыя цалкам не ператвараецца ў прывід. Сапраўды, усё так: і дамы паўставалі-будаваліся (калісьці), і ў гэткім (цяпер зваротным) руху прыгажэла Еўропа, і будучыня была наперадзе, а мінулае — ззаду, але тое, што намагаўся здзейсніць хлопчык-салдат з безданню нечалавечай пакуты ў вачах, ёсць толькі прывід, салодкі фантазм. Ідэя, абгрунтаваная рэальнасцю адно дзеля таго, каб не мець аніякага дачынення да яе. Пачатак стаўся канцом. Кола замкнулася, а ўвасоблены сэнс жорстка пакпіў з маральных высілкаў небаракі, сцвердзіўшы адзіны кшталт стасункаў мастацтва з чалавекам у тоеснасці ідэальнага і рэальнага: “Ісціна ў Мастацтве — гэта яднанне прадмета з самім сабой...”(О.Уайльд, “De Profundіs”). Цікава, але роздуму маладога А.Адамовіча пра мадэрнізм спрыяе... нуда ад тыповага “цэхавага” заходнееўрапейскага гораду: трэба ж задаволеным еўрапейцам чымсьці казытаць сябе пры аднастайнай уладкаванасці жыцця! Аднак калі жыццё прагне ідэі — ці належыць яно чалавеку? Значна пазней, у нататках пісьменніка да “Пастаралі”, ягоныя героі будуць удзячны Богу за тое, што ён выгнаў іх у рай, страчаны пасля катастрофы і такі любы, жаданы цяпер, нават у аздабленні калючага дроту, праз які колісь на яго дазвалялася толькі глядзець. А хіба мы самі не апынуліся сёння па-за гісторыяй, маючы яе як неаспрэчны факт? Пасля Чарнобылю мы згубілі мінулае-пярэдадзень. Яно спарадзіла катастрофу, але само зрабілася міфам, дачарнобыльскім раем, бо ніколі ўжо не зможа абумовіць тое, што мае сваю адмысловую логіку развіцця, трапна вызначаную А.Адамовічам, як “Апакаліпсіс па графіку”. “Гісторыі засталося цяпер толькі адно: разважаць” — сумна канстатаваў бы з гэтай нагоды Чаадаеў, хоць, пэўна, не ўтрымаўся б распавесці беларусам пра “фізіялогію краіны”, у якой яны жывуць.

Дарма, што аўтару “Філасафічных лістоў” і “Апалогіі вар’ята” выбачае вар’яцкі час — А.Адамовіч усё ж знаходзіць сэнс існавання там, дзе, паводле яго меркавання, інтэлектуальная дзейнасць здольная выклікаць эстэтычнае пачуццё (“Запісныя кніжкі”, 1982 г.). Калі насамрэч “мы ёсць, каб не быць” (А.Разанаў), дык менавіта наканаванасць нашага нябыту з’яўляецца шанцам трымаць лёс ва ўласных руках і ў адпаведнасці з Шэлінгавай філасофіяй тоеснасці ўзнаўляць “інтэлектуальны свет у самім адлюстраваным свеце”: сапраўдным на тым баку свядомасці і ідэалізаваным — на гэтым. Праўда, доўгачаканы момант ідэалу, які міфалагічная свядомасць некалі ўжо ўвасобіла ў апрадмечаным раі, існым для няўрымслівых продкаў (побач і сёння!) ці то ў Месапатаміі, ці то дзе-небудзь яшчэ, Ю.Місіма, чалавек і “архетып”, фактычна параўноўваў з кропкай, патрэбнай чалавеку, каб замкнуць кола жыцця, а не множыць яго да бясконцасці, падобна да філосафа і пісьменніка. Чалавек не мае права перажыць ўмову самога сябе. Найвялікшае няшчасце — не памерці пасля таго, калі ў жыцці пастаўлена апошняя кропка, бо “галоўнае ў жыцці — чысціня дзеяння” (з трактату Ю.Місімы “Хагакурэ нюмон”, 1967 г.). У п’есе Ю.Місімы “Мой сябар Гітлер”, назва якой цытуе словы верхавода фашысцкіх штурмавікоў Рэма, па-здрадніцку забітага “сябрам Гітлерам”, фюрэр, адказваючы на заляцанні падбухторшчыкаў (“Добра спрацавана, Адольф. Удар мячом налева, і тут жа — удар направа”), звяртаецца да гледача і ў парадоксе абсалютнага злачынцы пазбаўляе Слова ўсялякага зместу: “Менавіта так. Палітык павінен трымацца сярэдзіны”.