Читать «Анталёгія сучаснага беларускага мысьленьня» онлайн - страница 215

Невядомы

Грэшны адраджэнцкі геній, што знаўся ледзь не з д’яблам, нечакана паразумеўся з готыкай, якая ў чысціні яе культавых формаў не патрабавала для 0. Шпенглера іншага вызначэння, акрамя самой формы, не адмоўленай нават Рэнесансам. Можна палічыць дзівацтвам намер філосафа даказаць “гатычную моц антыгатычнага руху” — маўляў, нельга тварыць “Боскую камедыю”, не адчуваючы за спінай д’ябла. Аднак ці не з’яўляецца ўсё ёўрапейскае XX стагоддзе гэткай спакусай ФОРМЬІ, якой спатрэбіўся чорт?

Дзе яно, тое Слова, якое было ў пачатку, якое было ў Бога і якое было Бог? Змарнела ў абстрактных штудыях глыбакадумна-шляхетнага XІX стагоддзя, што вуснамі Шэлінга абвясціла “філасофію тоеснасці”: усяго ўсяму? Альбо напрыканцы стагоддзя ХХ-га ператварылася ў лязо самурайскага мяча і дагэтуль бруіцца з яго крывёю японца Ю.Місімы, які ўчыніў харакіры і праз гэтую тэатралізацыю ўласнай смерці ўшанаваны тытулам архетыпавага пісьменніка? Па шчырасці, Слова, у гэткай ролі, наўрад ці каго здзіўляе ў наш век. Зрэшты, яно вычэрпвае магчымы канкрэтны змест той адпаведнасцю асобнага (і рэальнага) свайму паняццю, якая давала падставы не разбэшчанаму нашымі гістарычнымі набыткамі аўтару “Філасофіі мастацтва” вызначаць прыгажосць у сузіранні бясконцага (паняцця, ідэі), завершаным іn concreto.

У далёкім 1959 годзе А.Адамовіч, трапіўшы за “жалезную заслону”, пасля спаткання ў Луўры з Венерай Мілоскай усхвалявана занатоўваў у дзённік: “Гэта самая цялесная Венера і самая чыстая. ...Але ўсё ж прыгажосць яе не мармуровая, а жаночая. ...У гэтай скульптуры ёсць рух, тады як у іншых Венерах: поза... А наогул гісторыя мастацтва з боку тэхнікі — гэта назапашанне майстэрства даць “матэрыю ў руху”. Спачатку быў матэрыял, але мёртвы, потым у яго ўдыхнулі фізічны рух, а далей — псіхічны. А потым застаўся рух псіхічны, а матэрыял знік. ... Захаваць і тое, і другое — вось галоўнае”. У процілегласць гэтаму ўзнёсламу адухаўленню мёртвай прыроды А.Адамовіч пасля Чарнобылю напіша аб “мёртвай, неадушаўлёнай” сістэме сталінскага тыпу (той, за колішняй “жалезнай заслонай”), якую дарэмна папракаць за неадчувальнасць да болю жывых істот, і такім чынам свядома наблізіць этычны крытэрый да яго эстэтычнага разумення, бо што яшчэ застаецца народу, якога гістарычныя варункі выштурхнулі ў міф, прымусіўшы існаваць пасля гісторыі?