Читать «Анталёгія сучаснага беларускага мысьленьня» онлайн - страница 214

Невядомы

А.Адамовіч выпрацаваў свой “механізм пастаянства формы”, які на прыкладзе жывапісу цікава даследаваў Б.Раўшэнбах (“Гармонія і алгебра”), даказваючы, што наша свядомасць бывае мацнейшай за законы фізікі, спрэс парушаныя менавіта адпаведнасцю вобраза прадмету яму самому (бо нават шар — даводзіў фізік Б.Раўшэнбах — у пэўнай пазіцыі адаб’ецца на сятчатцы вока не інакш, як эліпс, але ўспрымецца, як шар, у зафіксаванай мозгам чалавека форме). У А.Адамовіча гэтая адпаведнасць не прывяла да дыктату формы, але зрабіла культуру дзейснай падставай свету, якая найперш эстэтычным самаіспытам ратавала б чалавека ад пагібельнай тоеснасці сваім зямным наканаванням. Таму пляцоўкай гісторыі была абрана культура, дзе былыя ўладары імперыяў (Нерон, Гітлер, Сталін, Мао) апынуліся няўдалымі мастакамі і паэтамі, якія ператварылі ў крывавы тэатр жыццё і лёс мільёнаў. Але не дзеля пацешнага жарту культура станавілася альтэрнатыўнай версіяй гісторыі. Чалавецтва атрымлівала там магчымасць выбару, вызначальную для самой прыроды мастацтва, з якім зусім не жартаваў А.Адамовіч, калі ўва “Vіхі” нават смерць намагаўся зрабіць Падзеяй, запярэчыўшы фізічнаму (незваротнаму) канцу, пераадоленаму ў шчырасці “адваротнай перспектывы”. Хто ведае, ці не ажыццявіўся тут нарэшце згаданы “механізм пастаянства формы” як “метапазіцыя” (Ю.Бораў), у пошуку якой спрадвеку знаходзяцца філосафы, адказваючы агностыку Канту з яго ідэяй “рэчы ў сабе” імкненнем вылучыць саміх сябе з меры рэчаў, адасобіцца ад Сусвету, каб быць вартымі дыялогу з ім.

Толькі дзе той самазадаволены рымлянін, які ўжо не ў фантазіях О.Шпенглера з агідай і патаемным страхам будзе разглядаць гэтых “іўдзеяў і элінаў” — сваіх чужынцаў — у прадчуванні канца, што ў філасофскім “Заняпадзе Еўропы” спраўдзіўся новым пачаткам? А, можа, мы на ўсім нашым гістарычным шляху ўжо досыць наглядзеліся ў такія пагрозліва-дапытлівыя вочы, каб нарэшце адказна паставіцца да “гістарычных псеўдамарфоз”, пра якія распавядае 0. Шпенглер, маючы на ўвазе здранцвелую ўладу чужых формаў над маладой культурай, цяжарнай нянавісцю да гэтага гвалту? Сапраўды: “Найглыбейшы рэлігійны светагляд, нечаканыя азарэнні... метафізічныя мроі і парывы стаяць у пачатку гісторыі, інтэлектуальная яснасць, што даходзіць да болю,— у канцы гісторыі” (“Заняпад Еўропы”).

З’яўленне творчага “я” вынікае ў О.Шпенглера з уласцівага адно дзіцяці спалоху свядомасці, з якім спасцігае Сусвет кожны новы яго наведнік. Яму чужое гэтае наваколле. Ен сталее ў святле евангельскіх пытанняў: “Што ёсць ісціна?” і “Што ёсць рэчаіснасць?”, спалучаючы з імі апакаліптычную наканаванасць свету, страціўшага свой змест. Ці не адсюль настойлівы быкаўскі напамін беларусам пра апошні шанец, што некалі ў якасці адзінай жыццёвай перадумовы замацаваў еўрапейскі экзістэнцыялізм? Ён не спяшаецца ладзіць хаўтуры па закінутым у быццё чалавеку, а аддае яму ва ўладу гэтае быццё. “Экзістэнцыялізм — гэта гуманізм” — без усялякай фанабэрыі зазначаў Ж.Сартр, згодны бачыць у няшчаснай, знясіленай істоце заканадаўцу, які разам з сабой выбірае і чалавека ўвогуле, бо заўжды мяркуе, што выбірае належнае. А калі гэта лепшае для яго самога, дык чаму яно не вартае астатніх? Выбіраць самога сябе для Ж.Сартра — гэта значыць сцвярджаць каштоўнасць уласнага выбару, які, аднак, не вызваляе чалавека з яго суб’ектыўных межаў. Чалавек ніколі не завершаны і таму кожны раз вынаходзіць сябе нанова. Доля чалавека быць праектам самога сябе — пазбаўляе асобу хоць якіх арыенціраў звонку. Дык, мо, разам з імі яна пазбаўляе яго і канца гісторыі, што тоіцца ў кожным скамянелым знаку, сімвале, сэнсе, па звычцы атаясамленых з адэкватным разуменнем самаго сябе, але які на самой справе ўжо належыць прамінуламу? У быкаўскім “Жураўліным крыку” блаславёных дачарнобыльскіх часінаў (1959 г.) нязграбны навуковец Фішар, не адмаўляючы “вышэйшага праяўлення чалавечага духу” ў мастацтве, урэшце аддае перавагу “інстынктам барацьбы”. Сціснутая вайной прастора адказнасці героя ўключае ў сябе і невядомых яму германцаў, аднаго з якіх Фішар трымае на мушцы, і загінулага небараку, з процівагазнай сумкі якога вывальваецца жыццяпіс Бенвенуто Чэліні, узнаўляючы шпенглерава звяно ў ланцугу гэтай трагедыі.