Читать «Анталёгія сучаснага беларускага мысьленьня» онлайн - страница 213

Невядомы

Ці не становіцца гэтым НIШТО... прыродная дасканаласць дзіцяці, абумоўленая ягонай тоеснасцю самому сабе, бо ўнаяўленая біялагічная сутнасць не патрабуе аніякіх матывацыяў і тлумачэнняў у сваім набліжэнні да некранута-белага аркушу фіналу, прадвызначанага той “дасканалай паўнатой”, што, паводле Я.Трубяцкога, вызваляе мэту свету ад фаталістычнага разумення яго канца, нават у смерці абвяшчаючы жыццядайны сэнс, які А.Адамовіч не спяшаеццца аспрэчыць: “У чалавека няма абавязку нарадзіцца. Але памерці — абавязак кожнага. Вось і памры” (“Vіхі”)? А можа наканаваныя межы чалавечай экзістэнцыі размыкае апалогія абсурду, якую калісьці зрабіў падмуркам “Міфа аб Сізіфе” А.Камю, бо што яшчэ можна ўгледзець у сітуацыі, дзе жывая істота сведчыць сабой НІШТО? Несумяшчальны з завершанасцю абсурд сам па сабе ёсць факт альтэрнатывы, асэнсаваны А.Адамовічам у “Vіхі” як успамін аб тым агульначалавечым здабытку, якім валодала дзіўнае немаўля, пакуль сакраментальнае “агу” не прымусіла шукаць паратунку ў вар’яцкім (пасярод імперскіх муроў) прароцтве Касандры, аднаўляючы чаадаеўскае разуменне гісторыі як лагічнай паслядоўнасці падзеяў і ператвараючы яе саму ў альтэрнатыву прадбачанай непачутым празорліўцам небяспецы: пражыць жыццё — і не мець гісторыі (В.Іваноў).

Свет уступіў у жорсткую спрэчку з колішнімі тлумачэннямі самога сябе. Таму сцверджаны А.Адамовічам прыярытэт біялагічнага выжывання чалавецтва, што так дзіўна прагучаў з вуснаў гуманітарыя, пасунуў нас да ідэі непазбежнай тоеснасці матэрыяльнага і ідэальнага пачаткаў, якую яшчэ ўчора цяжка было ўявіць. А сёння перастала быць навіной слушная заўвага аднаго з расейскіх патрыярхаў дакладных навук — акадэміка Б.Раўшэнбаха наконт таго, што і дух, і матэрыя з’яўляюцца “аднолькава першаснымі”.

Аднак, вітаючы свет як багавейную дадзенасць, ці лёгка самому ператварыцца ў неаспрэчную дадзенасць гэтага свету? Вядома, уласцівая адно дзіцяці здольнасць прымаць жыццё як падарунак-свята ўзнагароджвае яго натуральным, нязмушаным раўнапраўем з Сусветам, дазваляючы гаварыць пра сябе “ён” з годнасцю вартага павагі суразмоўцы. Але яно амаль непазбежна губляецца ў разумовым намаганні дарослага, у каго гэтае “ён” (пра сябе) азначае не знойдзены пункт гарманічных узаемадачыненняў з жыццём у раўнавазе самакаштоўных велічынь, убачаных нібыта збоку, а ганарлівае какецтва, якое нішчыць саму магчымасць чалавека ізноў перажыць перажытае. І вось тады, калі перамога часу над асобным жыццём здаецца канчатковай, імгенная занатоўка больш чым 30-гадовай даўнасці — “Гэта я? Заўсёды сябе не пазнаеш у люстэрку. Як гэта многа — бачыць сябе” (А.Адамовіч) — раптам выдае таго, хто не толькі дзеля сябе здолеў выкарыстаць шанц “адваротнай перспектывы”, у якой успрымае ўсё існае нармальны (паводле дасціпнага выказвання Б.Раўшэнбаха, “не дрэсіраваны нашай цывілізацыяй”) чалавек, і малююць свет дзеці, яшчэ не навучаныя бацькамі і настаўнікамі, маўляў: “так нельга”.